Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ў Дабруджы, дзе апрача балгараў, туркаў і румынаў сустрэнем шмат украінцаў і маскоўцаў-старавераў (уцекачоў з Расіі), цыганоў, нагайскіх татараў і г. д. Таксама ў вадазборы Вардар, апрача балгараў, сэрбаў і грэкаў, жывуць і туркі, і жыды, і альбанцы, і так званыя куцавалахі, блізкія родзічы румынаў. Да Балгарскай дзяржавы (105300 кв. клм., 4900000 насельнікаў) у сучасны момант належыць толькі Балгарскае плоскаўзвышша, Балканскі ланцуг за выключэньнем сваёй заходняй часткі, нізіна вышняй Марыцы і паўночная частка акругі горстаў. Дабруджа ўваходзіць у склад Румыніі; Заходнія Балканы і паўночная частка вадазбору Вардару (Паўночная Македонія) належыць да Паўднёва-Славяншчыны; Паўднёвая Македонія - да Грэцыі. Усходняя Тракія зьяўляецца спрэчным краем, з-за якога і да сяго часу змагаюцца Грэцыя з Турэччынай. Большая яе частка цяпер належыць да Турэччыны.

Балгарская дзяржава лічыцца констытуцыйнай монархіяй, у якой законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту ("Народнага Сабраньня").

Сярод політычных партый наймацнейшымі зьяўляюцца сельска-гаспадарчая (сялянская) і комуністычная, якая пад імем Цеснай Соцыялістычнай партыі існуе з 1903 г. Партыі правых соцыялістых не карыстаюцца давер'ем працоўнага люду. У 1920 г. з 229 дэпутатаў парлямэнту 56 было комуністых. Гарадзкія самаўрады знаходзяцца цалком пад уплывам комуністых. Профсаюзы таксама маюць на чале комуністых і згуртованы ў моцную адзіную організацыю, якая зьяўляецца аднэй з тых, што залажылі ў Маскве Чырвоны Профінтэрн. Галоўным заданьнем балгарскіх комуністых зьяўляецца падтрыманьне сувязі з компартыямі іншых балканскіх дзяржаў. Компартыі балканскіх дзяржаў маюць у Балгарыі асяродак так званай Балканскай Комуністычнай Фэдэрацыі, якая змагаецца з буржуазіяй усяго Балканскага паўвострава і мае на мэце стварэньне Балканскай С. Ф. С. Р.

З дзяржаў Балканскага паўвострава Антанта мела на ўвазе зрабіць такога эўропэйскага жандара, які мог-бы распачаць вайну з Саюзам Савецкіх Рэспублік. Галоўнай перашкодай на шляху да выкананьня гэтага пляну зьяўляецца Балканская Комуністычная Фэдэрацыя і балгарская компартыя, якая прыкладае ўсе свае сілы, каб не дапусьціць балканскія дзяржавы да паходу на Савецкі Саюз. У апошнія часы буржуазія ўступіла на шлях рашучай барацьбы з комунізмам у Балгарыі, сілай захапіла ўладу ў гэтай дзяржаве, адхіліла ад улады ня толькі комуністых, але й сялянскую сельска-гаспадарчую партыю і пачала арыштоўваць і кідаць у турмы комуністых.

Большасьць насельнікаў Балгарскай краіны займаецца сельскай гаспадаркай: сеюць пшаніцу, кіяхі, ячмень, табаку, гадуюць шаўковых вусеняў, саджаюць баваўну. Вельмі вялікія ўраджаі збожжа зьбіраюць на чорназемных глебах Дабруджы і Балгарскага плоскаўзвышша. У даліне Тунджы і па вышняй Марыцы пад забаронай Балканскіх гор добра ўзрастаюць розныя далікатныя расьліны. Асабліва многа там саджаюць пладовых дрэў