Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ды хвой, а па горных вярхох сустракаюцца альпійскія лугі, не такія раскошныя, як у Альпах, але, бязумоўна, значна багацейшыя, чымся ў Дынарах. (Чаму?).

Даўнейшыя насельнікі Балгарскай краіны — тракійцы і македонцы — зусім аславяніліся ўжо ў час вялікіх перасяленьняў, калі сюды надышлі горды славянскіх пляменьняў. З часам сюды надыходзілі яшчэ новыя заваявальнікі туркскага племя — камскія балгары, якія раней жылі ўва Ўсходняй Эўропе каля сутокі Камы і Волгі. Камскія балгары прышлі аднак на Балканскі паўвостраў у невялікім ліку, расплыліся тут у грамадзе славянскага люду, хутка страцілі сваю мову і звычаі. Затое імя балгараў перайшло на ўсіх славянскіх насельнікаў краіны, якія стварылі ў сярэднія вякі магутную Балгарскую дзяржаву. Гэтая дзяржава білася то з Бізантыяй, то з сэрбамі і нарэшце падпала пад панаваньне Турэччыны. Яшчэ даўжэй, як сэрбы, балгары заставаліся пад цяжарам чужаземнага ўціску, і толькі пасьля расійска-турэцкай вайны 1877 г. частка Балгарыі атрымала самаўрад і фактычна зрабілася незалежнай дзяржавай. У 1885 г. да новай Балгарскай дзяржавы далучылася акруга Ўсходняя Румэлія, што ляжыць на поўдзень ад Балкан у вадазборы вышняй Марыцы. У 1912 г. Балгарыя з Сэрбіяй і Грэцыяй адваявалі ад туркаў бязмаль-што ўсе землі, залюдненыя балгарамі. Аднак у 1913 г. ў вайне з сваімі былымі саюзьнікамі — сэрбамі і грэкамі — балгары былі разьбіты, і Балгарская дзяржава страціла Македонію (вадазбор Вардару), Усходнюю Тракію, якую зноў захапілі туркі, ды яшчэ частку Старой Балгарыі, якую забралі румыны. У сусьветную вайну 1914-18 г за дапамогай немцаў Балгарыя часова зьвярнула ўсе свае страты, але канец вайны быў нешчасьлівым для Балгарыі, і яна мусіла адмовіцца ад большай часткі сваіх заваёваў.

Сучасныя балгары гавораць на аднэй з паўднёва-славянскіх моў, але знаходзяцца ў даволі варожых адносінах з Паўднёва-Славяншчынай, у якой пануе сэрбская мова. Асьвета сярод балгараў (асабліва ў Балканскіх горах і на Балгарскім плоскаўзвышшы, якія раней атрымалі незалежнасьць) стаіць значна вышэй, як у сэрбаў; няпісьменных тут многа меней. Балгары выглядаюць нязграбнымі й маруднымі, але цьвяроза глядзяць на жыцьцё і зьяўляюцца ўпартым, працавітым і здольным народам. У тых частках краіны, якія належаць да Балгарскай дзяржавы, балгары жывуць заможна і валадаюць значнымі надзеламі зямлі.

Насельнікі вадазбору Вардару — македонцы — часамі лічацца за асобны славянскі народ, але балгары лічаць іх мову найболей чыстай з балгарскіх гаворак, ды й самая культура балгарская нарадзілася ў Македоніі.

Апрача балгараў у Балгарскай краіне жыве шмат туркаў (асабліва на ўсходзе), румынаў (у Заходніх Балканах і ў Дабруджы), грэкаў (па ўсіх гарадох і асабліва на ўзьбярэжжах), сэрбаў (у вадазборы Вардару і ў заходніх Балканах), жыдоў. Асабліва многа розных народнасьцяй жыве