Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Балканы зьяўляюцца важнай абарончай мяжой у час варожых навальніц. З вялікімі стратамі мусілі расійцы забіраць там кожны кавалак зямлі ў час расійска-турэцкай вайны ўзімку 1877 году.

Аднак для зносін насельнікаў абодвух схілаў прынамсі ўлетку Балканы не становяць перашкоды. Няма нічога дзіўнага, што балгарская люднасьць жыве абапал гэтых гор. Дунай, які становіць мяжу між балгарамі і румынамі, з сваімі лярэчнымі балотамі, болей перашкаджаў пераходам народаў.

На поўдзень ад сярэдніх Балкан роўналежна ім цягнуцца нібы прыгор’і іх, так званыя Сярэднія горы, аддзеленыя ад галоўнага ланцуга шырокай ураджайнай далінай р. Тунджы.

Яшчэ далей на поўдзень пралягае шырокая лагчына, па якой працякае найвялікшая пасьля Дунаю рака Балканскага паўвострава — Марыца. Па гэтай-жа лагчыне пракладзена й галоўная чыгунка паўвострава, якая злучае Бэрлін праз Белград з Царгорадам. Рака Марыца ў сваёй вышнявіне цячэ з захаду на ўсход па ўраджайнай Усходня-Румэлійскай нізіне. Злучыўшыся з сваёй галоўнай прытокай Тунджай, Марыца зварочвае на поўдзень і абцякае з захаду нізіну Ўсходняй Тракіі. У адзнаку ад Усходняй Румэліі Ўсходняя Тракія выглядае ўбогім стэпам, па якім дзе-ні-дзе растуць рэдкія хмызьнячкі.

Ад Чорнага мора Ўсходня-Тракійская нізіна аддзелена нявысокім узгор’ем Істранджой.

На захад ад Марыцы да р. Вардару зноў узвышаюцца горы. Гэта старавечныя гранітныя горсты, выцягнутыя ў розных кірунках і дасягаючыя нават большай вышыні, чымся Балканскія і Дынарскія зморшчавыя горы (2930 м. н. р. м.). Даліны рэк падзяляюць уклад гэтых горстаў на шэраг асобных масываў (Дэспото-Даг, Пэрым-Даг, Рыла-Планіна, Вітош), пакрытых па схілах густым лесам, а па вярхох — сочнымі лугамі.

На захад ад ураджайнай даліны Вардару горсты замяняюцца вапнавымі зморшчавымі гарамі, якія належаць ужо да Дынарскага ўкладу.

Клімат Балгарскай краіны, агулом кажучы, сухі, контынэнтавы, з гарачым летам і сьнежнай даволі халоднай зімой.

Горад Софія мае сярэднюю тэмпэратуру году +10,3°, сярэднюю ліпеня +21,9°, студзеня — 2,1°. Часамі ўзімку бываюць маразы аж у -31,2°, паводле тэрмомэтра Цэльсія.

Толькі па ўзьбярэжжах Эгэйскага і Чорнага мораў зіма цёплая, і клімат можа лічыцца падзваротнікавым. З гэтай прычыны толькі па ўзьбярэжжах могуць расьці некаторыя вечназялёныя дрэвы. З другога боку й некаторыя заходня-эўропэйскія расьліны ня могуць вытрымаць сухменяў, якімі адзначаецца ў Балгарыі канец лета. На плоскаўзвышшах і нізінах пануе голы бязьлесны стэп. Па схілах гор, дзе ападкаў выліваецца болей, растуць лясы дубоў і грэцкіх арэхаў, вышэй цямнеюць ігластыя лясы елак