Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ні ў Чорнае мора Дунай распадаецца на некалькі вусьцяў і ўтварае вялізную балотную дэльту, багатую старарэччамі, вазёрамі і непраходнымі хмызьнякамі. У сваёй дэльце Дунай адкладае шмат глею і пяску, якімі завальвае паўзьбярэжныя часткі Чорнага мора. З гэтай прычыны дунайская дэльта што-год нарастае і ўжо ўразаецца ў Чорнае мора нібы паўвостравам. Пясок утварае мяліны ў вусьцях Дунаю, так што толькі сярэдняе з іх, так званае Сулінскае горла, даступна для морскіх караблёў. Паўночнае вусьце (Кілійскае) і паўднёвае (Сьвятога Юрыя) гожы адно для плаваньня рыбацкіх лодак і невялікіх бярлін.

На поўдзень ад дэльты Дунаю ў Дабруджы сустрэнем узгаркаваты стэп, пакрыты грубым пластом лёэсу. Беспасрэдным працягам Дабруджы зьяўляецца так званае Балгарскае плоскаўзвышша, гладкая, ня вельмі высокая раўніна, нахіленая з поўдня на поўнач ад Балканскіх гор да Дунаю. Глыбокія вузкія даліны рэк, што сьцякаюць з Балкан у Дунай, пераразаюць гэтую раўніну шмат у якіх месцах і парушаюць аднастайны выгляд гэтага куточка Балгарыі. Як і Дабруджа, Балгарская раўніна пакрыта лёэсам, вышні пласт якога, багаты перагнілымі рэшткамі стэпавых расьлін, зрабіўся ўраджайнай чорназемнай глебай. Як і ў Дабруджы, тут рэдка сустракаюцца дрэвы; толькі па мяжы з Дабруджай расьце значны лес. Морскія берагі Дабруджы і Балгарскага плоскаўзвышша пескаватыя, роўныя, пазбаўленыя выгодных бухтаў.

Аднастайнасьць - тыповая адзнака ўсёй Паўночнай Балгарыі, лежачай удоўж правага берагу Ніжняга Дунаю. Тым болей рознастайнымі здаюцца Балканскія зморшчавыя горы, якія абхапляюць дугой з паўдня Паўночную Балгарыю. У адзнаку ад Дынарскага горнага ўкладу Балканы складаюцца пераважна з непрапускальных для вады земных парод, асабліва з лупнякоў. З гэтай прычыны тут адсутнічаюць карставыя зьявы, а на паверхні вады болей і расьліннасьць лепшая. Ад Жалезнай Брамы Дунаю Балканскія горы (якія там завуцца Сэрбскімі Руднымі, бо цягнуцца па зямлі Сэрбскай дзяржавы) кіруюцца спачатку (між прытокамі Дунаю: Маравай і Тымокам) на паўднёвы захад. Гэтая самая заходняя частка Балканскага горнага ўкладу багата рознымі карыснымі мінэраламі: рудамі медзі, волава, серабра, жалеза; ёсьць там і буры вугаль і нават золата. Каля пачаткаў ракі Тымок[1]. Балканы крута зварочваюць на ўсход, у сярэдняй сваёй частцы разгаліньваюцца на некалькі асобных роўналежных ланцугоў, якія паволі зьніжаюцца і ўпіраюцца ў Чорнае мора. Найвялікшай вышыні (2375 м. н. р. м.) дасягаюць гранітныя вярхі сярэдняй часткі Балканскага ўкладу, але там найвышэйшыя горы не дасягаюць і паловы тэй вышыні, да якой сягаюць вярхі Альп. Параўнаўча з вышынёй вярхоў зьніжэньні хрыбта Балкан, так званыя праходы, ляжаць ня вельмі нізка (ня ніжэй за 949 м. н. р. м.). Узімку гэтыя праходы, як і ўвесь хрыбет, пакрываюцца пластом сьнегу, і тады перайсьці цераз іх досыць цяжка.

  1. Шукай на карце. Па якім плоскаўзвышшы ён працякае? Якія яшчэ прытокі Дунаю пераразаюць Балгарскае плоскаўзвышша?