За вузкай палоскай узьбярэжжа ў Альбаніі зараз пачынаюцца такія-ж вапнавыя зморшчавыя горы, як і ў Заходняй Сэрбіі. Гэта тыя самыя Дынарскія горы, голыя, няпрыступныя, змрочныя, багатыя карставымі зьявамі.
Аднэй з асаблівасьцяй Альбаніі зьяўляюцца вазёры, якія ляжаць у вульканічных правальлевых катлінах, пераважна на ўскрайках краіны. Па берагох гэтых вазёр і ў яшчэ большай меры на багатым ападкамі цёплым узьбярэжжы мора, на ўраджайнай глебе магчыма земляробства, але насельнікі краіны - альбанцы - трымаюцца галоўным чынам у скудных, але болей здаровых узвышшах, дзе займаюцца гадоўляй авечак і коз.
Альбанцы або шкілітары (горныя арлы), як яны самі сябе называюць, лічацца тубыльцамі краіны, патомкамі даўных ілірыйцаў. Да сяго часу яны яшчэ падзяляюцца на пляменьні і роды, як нашыя продкі тысячу гадоў назад. Асобныя пляменьні і роды заўсёды ваююць паміж сабой. Звычай крывавай помсты, да сяго часу пашыраны ў Альбаніі, вымагае, каб кожная абраза была змыта крывёю, і з гэтай прычыны ня толькі розныя роды, але нават розныя сем'і аднаго й таго самага роду заўсёды б'юцца паміж сабой, забіваючы забойцаў сваіх родзічаў. Паляваньне і вайна - галоўныя заняткі мужчын. Гаспадарка знаходзіцца ў кепскіх становішчы і цалком ляжыць на кабетах.
У сваіх няпрыступных горах альбанцы ў чыстаце захавалі сваю старадаўную мову, норавы і звычаі. Праз доўгі час яны ўпарта бараніліся ад туркаў і чорнагорцаў. Фактычна Альбанія заўсёды была незалежнай, і ўлада туркаў, якія лічыліся валадарамі краіны да 1913 году, існавала толькі на паперы. Цяпер Альбанія абвешчана самастойнай дзяржавай (28000 кв. клм., 1400 тыс. насельн.), але знаходзіцца пад вялікім уплывам Італіі. (Захапіць Альбанію адначасна імкнецца Паўднёва-Славяншчына).
Балгарыя, пад якой мы цяпер будзем разумець усю краіну, залюдненую балгарамі, займае ўсходнюю частку Балканскага паўвострава ад ніжняга Дунаю да Эгэйскага мора, ад Маравы і вазёр Усходняй Альбаніі да Чорнага мора.
Дунай прабіваецца між Карпатамі і Балканамі ў вузкай цясьніне, у так званай Жалезнай Браме.
Дунай ужо існаваў, калі на яго дарозе пачалі ўтварацца Балканска-Карпацкія зморшчавыя горы. Вада Дунаю паступова размывала горны парог, які падымаўся папярок яго дарогі, і такім чынам прамыла сучасную Жалезную Браму. Гэта глыбокая вузкая цясьніна, па якой Дунай цячэ асабліва шпарка. Даўней падводныя скалы перашкаджалі тут руху параходаў, але каб зрабіць раку суднаходнай, чалавек за дапамогай дынаміту зьнішчыў найболей небясьпечныя з іх.
Ад Жалезнай Брамы Дунай цячэ ў агульным кірунку на ўсход, але, не дасягнуўшы якіх 50 кілёмэтраў да мора, зварочвае на поўнач і абцякае з захаду і з поўначы старадаўны нізкі масыў Дабруджу. Пры сваім упадань-