застаюцца ад іх на падлозе, а з гэтых крошачак складаюцца накапкі вапны (сталягміты), якія нарастаюць з падлогі насустрэч нацёкам і часамі зрастаюцца з нацёкамі ў адзін слуп.
Большасьць насельнікаў краіны - славенцы. Гэта асобны паўднёва-славянскі народ, кроўны сэрбам, здольны і працавіты. Ён ужо стварыў досыць багатую прыгожую літаратуру. На поўдні краіны, на паўвостраве Істрыя, жыве многа сэрбаў-каталікоў (харватаў), а па ўзьбярэжжах і ў гарадох, напрыклад, у Трыесьце, дзе даўней большасьць насельнікаў лічыла сябе італійцамі, штогод мацней адчуваецца адраджэньне славян. Тыя, што раней лічылі сябе італійцамі, у апошнія гады пачынаюць сьвядома зваць сябе славенцамі або харватамі.
Пасьля разбурэньня Аўстрыі, да якой перад сусьветнай вайной належала краіна, значная частка залюдненых славенцамі ды харватамі земляў (Горыца, Трыест, Істрыя) адышла да Італійскай дзяржавы і толькі ўнутраныя землі (галоўным чынам даўна-аўстрыйская провінцыя Крайна) увайшлі ў склад Паўднёва-Славянскага каралеўства.
Насельнікі ўзьбярэжжаў Славеншчыны займаюцца рыбацтвам, вінаградніцтвам, здабываньнем морскай солі і зьбіраньнем пладоў алейнага дрэва. У сярэдзіне краіны сеюць збожжа, гадуюць авечкі, а на захадзе плоскаўзвышша Карст (каля места Ідрыі) распрацоўваюць багатыя паклады жывога серабра.