можна падзяліць на 6 краін: 1) Славеншчыну, 2) Сэрбію, 3) Альбанію, 4) Балгарыю, 5) Грэцыю і 6) краіну пратокаў з мяшанай люднасьцю, у склад якой уваходзяць туркі, грэкі, балгары і іншыя народы. Згодна з гэтым тут утварылася 5 асобных дзяржаў: Паўднёва-Славяншчына або Сэрбска-Харвацка-Славенскае каралеўства з перавагай сэрбска-славенскай люднасьці, Альбанія, Балгарыя, Грэцыя і Турэччына, да якой калісь належаў амаль-што ўвесь паўвостраў, а цяпер належыць толькі паўднёва-ўсходні куток паўвострава. Межы сучасных балканскіх дзяржаў аднак ня сходзяцца з межамі адпаведных балканскіх народаў. Балканскія дзяржавы пакуль-што бязупынна змагаюцца паміж сабой, адбіваюць адна ад аднэй кавалкі зямлі, часта ня лічачыся з тым, якая люднасьць жыве на гэтых кавалках і да каго яна імкнецца. У сучасны момант самай магутнай з балканскіх дзяржаў зьяўляецца Паўднёва-Славяншчына. Апрача балканскіх дзяржаў кавалкамі Балканскага паўвострава ўладаюць Румынія (на паўночным усходзе) і Італія (часткай заходняга ўзьбярэжжа).
Усе балканскія краіны, як і наагул уся Паўднёвая Эўропа, адзначаюцца перавагай сельскай гаспадаркі над фабрычнай і нетракапальнай прамысловасьцю. На ўзьбярэжжах галоўную ролю грае садоўніцтва і вінаградніцтва, на раўнінах у сярэдзіне паўвострава - ральніцтва, у горах - гадоўля жывёлы.
Славеншчына ляжыць на крайнім паўночным захадзе Балканскага паўвострава і абымае плоскаўзвышша Карст, якое злучае Паўднёва-Ўсходнія Вапнавыя Альпы з укладам Дынарскіх гор.
Апроч таго да Славеншчыны можна было-б далучыць і самыя Паўднёва-Ўсходнія Альпы.
Плоскаўзвышша Карст складаецца з вапнякоў і асабліва вядома цікаўнымі, так званымі карставымі зьявамі. Рэкі там цякуць часткай на паверхні, часткай пад зямлёй у пячорах; часта сустракаюцца часовыя вазёры (напрыклад, Цыркніцкае) з падземным стокам і г. д.
Вада, асабліва такая, што зьмяшчае ў сабе двутленік вугалю (CO2), распускае вапну, прамывае ў ёй падземныя ходы-пячоры, па якіх уходзіць глыбока ў зямлю, дзе ўтварае сець падземных рэк, падземных вазёр і г. д. Гэтым і тлумачацца карставыя зьявы. Звычайна рэкі пачынаюцца на паверхні, але як толькі даходзяць да вапнавага груда, дык зьнікаюць, вада іх уходзіць пад зямлю ў пячоры. Пячоры Славеншчыны, напрыклад, слынная Адэльсбэргская пячора (каля мястэчка Адэльсбэрг), часамі маюць па некалькі вёрст удоўжкі. Часта ў гэтых пячорах вада прасачваецца з столі і стропаў у стане дробных капак, якія паруюць, пакідаючы на сваім месцы маленькія крошачак вапны, што былі ў іх распушчаны. З гэтых крошачак пакрысе ўтвараюцца гэтак званыя нацёкі вапны (сталяктыты), якія зьвешваюцца з столі, нібы лядзяныя сусолкі з страхі. Калі капкі вады, перш як выпарыцца, падаюць па падлогу пячоры, дык крошачкі вапны