Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Асяродкам земляў, залюдненых славенцамі, лічыцца Любляна (60 тысяч насельнікаў), галоўнае места тэй часткі краіны, якая ўваходзіць у склад Паўднёвай Славяншчыны.

Без параўнаньня большую вагу мае Трыест (162 тыс. насельнікаў), найвялікшы горад, здабыты Італіяй у час агульна-эўропэйскай вайны. Гэта - галоўная морская прыстань на Адрыятычным моры, праз якую вывозяць свае тавары ня толькі Славеншчына, але і Аўстрыя, Чэха-Славаччына і Паўднёвая Нямеччына[1].

На крайнім поўдні паўвострава Істрыі ляжыць яшчэ лепшая прыстань Пола (70 тыс. насельнікаў), даўней аўстрыйская, цяпер італійская морская крэпасьць.

Сэрбія абымае прастору, што ляжыць на паўднёвы ўсход ад Славеншчыны аж да рэк Дрыну, вышняга Вардару і Маравы. (Адшукай па карце, куды ўліваюцца гэтыя рэкі?). На захадзе гэтай краіны ўдоўж берагоў Адрыятычнага мора цягнуцца роўналежныя ланцугі Дынарскіх зморшчавых гор. Самыя заходнія з гэтых ланцугоў, як відаць, апусьціліся ніжэй роўня мора, так што ад іх засталіся толькі вярхі, з якіх складаецца ланцуг вузкіх даўгіх астравоў, аддзеленых ад сухазем'я такімі-ж вузкімі пратокамі, - затопленымі прадоўжнымі горнымі далінамі. Месцам горныя ланцугі яшчэ ня зусім адлучыліся ад контынэнту і маюць выгляд паўвостраваў, злучаных з контынэнтам вузкімі пярэсмыкамі. Шмат бухтаў і затокаў уразаецца тут у контынэнт[2].

Хаця вышыня Дынарскіх гор і ня вельмі вялікая (ня болей 2600 мэтраў над роўнем мора), але яны паўсюды зьяўляюцца вялікай перашкодай для зносін насельнікаў Балканскага паўвострава з узьбярэжжам Адрыятыкі. Тут няма такіх выгодных праходаў, якімі адзначаюцца Альпы; мала рэк, пераразаючых горы, а калі й сустракаецца рэкі на паверхні, дык яны маюць вельмі глыбокія вузкія даліны з няпрыступнымі зрывістымі сьценкамі і мала дапамагаюць зносінам праз горы. Няма тут і тэй рознастайнасьці, таго багацьця колераў, якое лічыцца найлепшай аздобай Альп. Паўсюды на паверхню выходзяць голыя вапняковыя скалы, няпрынадныя, змрочныя, няпрыступныя. Асабліва няпрыступнай лічыцца паўднёвы куток - так званая Чорнагорыя, у якой знаходзяцца й найвышэйшыя горы Дынарскага ўкладу (Дурмітор 2528 мэтр над р. м.). Як і ў Славеншчыне, тут вельмі часта сустракаюцца карставыя зьявы: зьнікаючыя рэкі, пячоры з нацёкамі, часовыя вазёры і г. д.

Часовыя вазёры, з якіх вада сьцякае пад зямлю праз прыродныя калодзежы, маюць вялікую вагу ў Дынарскіх горах. У сухую пару гэтыя вазёры ўсыхаюць, а на іх месцы застаюцца так званыя "польі" - катліны, угноеныя вазёрным глеем і дзеля таго вельмі ўраджайныя.

  1. Гандлёвы абарот Трыесту да вайны дасягаў 512 міліёнаў рублёў золатам.
  2. Берагі такога выгляду, як тут, завуцца дальмацкімі па імю тутэйшай паўзморскай провінцыі Дальмацыі.