Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 53 ———

пасьпелі аднак згуртавацца ў так званую Агульную Конфэдэрацыю. Аднак у політычным жыцьці рэспублікі працоўны люд, можна казаць, ня прымае ўдзелу, так што Португалія застаецца чыста буржуазнай дзяржавай, хаця і менш консэрватыўнай, як Гішпанія.


Італія.


(Азнач яе географічнае палажэньне, пералічы моры, якія яе абцякаюць).

Старана, у якой рашуча пераважвае італійская люднасьць, займае Апэнінскі паўвостраў, Лямбардзкую нізіну, якая аддзяляе яго ад Альп, і астравы Міжземнага мора, што ляжаць каля Апэнінскага паўвострава (якія?). Старана гэтая ляжыць у самай сярэдзіне Міжземнамор’я, у сярэдзіне таго краю, у якім нарадзілася эўропэйская культура і які ў даўныя вякі быў адзіным у Эўропе абшарам, дзе красавала мастацтва, пісьменства ды навука ўжо ў той час, калі большасьць Эўропы была яшчэ дзікім краем бадзяжных зьвералоўцаў.

Да таго часу, пакуль Міжземнае мора было галоўнай гандлёвай дарогай культурнага сьвету, пакуль у Італіі крыжаваліся найважнейшыя міжнародныя шляхі, гэтая старана была самай багатай, самай культурнай і магутнай у Эўропе. Рым, асяродак тагочаснай Італіі, зрабіўся сталіцай усяго вядомага тады сьвету, панаваў над усёй Эўропай, Паўночнай Афрыкай і Заходняй Азіяй. Нават і пасьля заняпаду Вялікай Рымскай дзяржавы Італія доўга яшчэ заставалася крыніцай культуры ў нашай частцы сьвету; Рым заставаўся рэлігійным асяродкам Эўропы: латыньская мова даўных італійцаў заставалася адзінай мовай у эўропэйскай навуцы; на чале адраджэньня пісьменства й мастацтва ў Эўропе стаялі італійскія мастакі; італійскія гарады (Гэнуя, Вэнэцыя) трымалі ў сваіх руках сусьветны гандаль.

Толькі пасьля вынаходкі Амэрыкі сусьветным гандлем пачалі кіраваць старонкі, што ляжаць каля берагоў Атлянтычнага акіяну, і сусьветнае значэньне Італіі пачало зьмяншацца. Аднак, да сяго часу Італія — галоўная з міжземнаморскіх старонак і часам выяўляе жаданьне аднавіць сваю даўнейшую магутнасьць.

Усходнія берагі Італіі маладаступныя, пескаватыя або скалаватыя і маюць мала добрых буктаў, выгодных для прыстою караблёў. Наадварот, заходнія берагі зрэзаны шмат якімі маленькімі затокамі, якія зьяўляюцца дужа добрымі буктамі.

Гэтым тлумачыцца, між іншым, тое, што заўсёды Італія мацней уплывала на Заходнюю Эўропу, чымся на Ўсходнюю. Рымска-каталіцкая вера, якая ўтварылася ў Італіі, і романскія мовы, што стварыліся пад уплывам даўна-італійскай латыньскай мовы, пашырыліся пераважна на захадзе.