——— 52 ———
сельнікі краіны, португальцы, розьняцца ад гішпанцаў большай мяккасьцю, прыветлівасьцю ды гасьціннасьцю, нахілам да краснамоўства і прыгожага пісьменства. Толькі ў мастацтве яны далёка адстаюць ад гішпанцаў і каталёнцаў. Жывучы каля мора, португальцы з даўных часоў прызвычаіліся да мораходзтва і заўсёды з ахвотай і з адвагай рашаліся на далёкую дарогу па акіяне. Утварыўшы сваю ўласную дзяржаву, португальцы падтрымалі яе перш за ўсё сродкамі, здабытымі ад морскага гандлю. Португальскія падарожнікі (Васко-дэ-Гама) першыя вынайшлі дарогу ў Індыю ў абход Афрыкі і захапілі вялізныя колёніі ў Афрыцы і Азіі.
Португальскія перасяленцы залюднілі Азорскія астравы, Мадэру і блізка паловы Паўднёвай Амэрыкі — Бразылію. Але як і гішпанцы, гэтак і португальцы не маглі захаваць большасьці сваіх колёній, бо не зразумелі, як трэба кіраваць імі, не клапаціліся аб дабрабыце іх, а глядзелі на свае заэўропэйскія ўладаньні толькі, як на спосаб узбагачэньня. Дзеля гэтага адны з колёній Португалі паўсталі ды аддзяліліся ад яе (Бразылія), другія перайшлі пад уладу дужэйшых дзяржаў, якія лепей зразумелі сэнс добрага кіраваньня колёніямі. У Афрыцы, дзе яшчэ да сяго часу захаваліся португальскія колёніі, португальцы праз доўгі час падтрымоўвалі гандаль нявольнікамі ды й Цяпер яшчэ не клапоцяцца аб асьвеце дзікіх або паўдзікіх нэграў.
Асьвета ў Португаліі стаіць нявысока, а сярод насельнікаў няпісьменных яшчэ болей, як у Гішпаніі (¾). Вышэйшая адукацыя (ёсьць унівэрсытэт у месьце Коімбра) таксама ня можа раўняцца з вышэйшай асьветай у Паўночна-Заходняй Эўропе.
Як і гішпанцы, португальцы займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай: сеюць кіяхі, пшаніцу, боб, зьбіраюць кару корачнага дуба — корак, гадуюць авечак-мэрыносаў з даўгой мяккай і каштоўнай воўнай, саджаюць вінаграднік, алейнае дрэва, памаранцавыя ды цытрынныя дрэвы, гадуюць шаўкоўнага вусеня, разводзяць ананасы й г. д. У моры яны ловяць рыбу — сардынак і тунцоў, каля мора здабываюць морскую соль; на ўзгорках капаюць мядзяную руду.
Португальская дзяржава (88740 кв. клм., 5600 тыс. насельнікаў) за некалькі гадоў перад вайной перавярнулася з каралеўства на рэспубліку. Сталіца яе Лісабон (490000 насельнікаў) у вусьцях ракі Тахо зьяўляецца важнай гандлёвай морскай прыстаньню, ад якой адыходзіць шмат параходных ліній, асабліва ў Паўднёвую Амэрыку. Дзякуючы бойкаму гандлю з Ангельшчынай, Паўднёвай Амэрыкай, Афрыкай і Індыяй, горад мае міжнародны выгляд. На вуліцах і на ўзмор’і тутака можна пачуць усялякія мовы, можна спаткаць людзей рознага колеру і ў розных вопратках, людзей, якія панаяжджалі туды з усіх канцоў зямлі. Другі важны прыморскі горад Опорто або Порто (204000 нас.) — асяродак багатага, густа-залюдненага куточка на поўначы Португаліі, вядзе буйны гандаль віном (портвэйн).