Перайсці да зместу

Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рака Гвадальквівір, што пачынаецца ў Гранадзкіх горах і жывіцца іх сьнягамі. Бязмаль-што на ўсім сваім працягу Гвадальквівір гожы для параходнага руху, а ў нізавіне яго, дзе адчуваюцца морскія прыплывы, па ім могуць плыць нават вялізныя морскія караблі. Клімат Андалюскай нізіны вільгатнейшы, як у Кастыліі або Арагоніі, але й тут у баку ад рэк пераважвае стэп з травой-эспарто ды палыном. Аднак па схілах Сьеры-Морэны сустракаюцца цэлыя гайкі корачнага дубу і іншых вечназялёных дрэў. Абапал Гвадальквівіру, па яго прытоках і каля мора ў Андалюзіі, як і на ўсходзе Гішпаніі, красуюць штучна-абваднёныя хуэрты, у якіх па 2-3 разы ў год магчыма жніво. Палі пшаніцы, кіяхоў, месцамі і рысу чаргуюцца там з вінаграднямі, плянтацыямі табакі, баваўны, цукровай трысьціны, морвы ды з прыгожымі вечназялёнымі садамі паўднёвых пладоў.

Калісь і тут, як у Гранадзкай краіне, панавалі маўры, якія з дапамогай штучнага абвадненьня зрабілі амаль усю Андалюзію бяскрайна вялікім харошым садам. Аднак, так званы, Кордоўскі каліфат, які тут тады існаваў, быў зруйнованы гішпанцамі яшчэ раней, як у Гранадзкіх горах. Калі гішпанцы павыганялі адгэтуль маўраў, дык ужо ня было каму даглядаць за абвадняльнымі прыладамі, і шмат якія з маўрскіх садоў зноў перавярнуліся на стэп, якім засталіся аж да сяго часу. Дзе даўней красавалі памаранцавыя ды гранатныя дрэвы, там цяпер іншы раз ледзь хапае скуднай спажывы для дробнай жывёлы.

У Андалюзіі пашырыліся й некаторыя галіны фабрычнай прамысловасьці, асабліва выраб цыгар, тытуну, гарбарства і шаўкоўніцтва.

Галоўны горад, у якім перарабляецца скура, Кордова (73000 нас.), даўнейшая сталіца маўрскай дзяржавы, ляжыць у асяродку краіны і слыне вялізнымі будынкамі ў маўрскім стылі. Цыгары вырабляюцца галоўным чынам у Сэвільлі (206000 нас.), старасьвецкім гішпанскім горадзе, што ляжыць у тэй частцы нізавіны Гвадальквівіра, да якой сягаюць хвалі прыплыву, а, значыць, да якой могуць даходзіць морскія караблі. Гэта прыгожы вясёлы горад гішпанскай поэзіі й старадаўных гішпанскіх забаў. У мясцовым цырку да сяго часу адбываюцца баі быкоў, улюбёная забава гішпанцаў.

Португалія на Пірэнэйскім паўвостраве ўладае толькі заходнімі схіламі Кастыльскага плоскаўзвышша ды вузкай узьбярэжнай палоскай каля Атлянтычнага акіяну. Гэтак званыя Португальскія ўзгоркі могуць разглядацца, як адзін з горстаў, абхапляючых Мэзэту, моцна размыты ды разьедзены вадой з прычыны большай вільгатнасьці клімату. Заходнія морскія вятры беспасрэдна ўплываюць на клімат Португіліі, прыносяць шмат ападкаў і робяць клімат мерна-цёплым, вільгатным, морскім, прыемным. Збожжа й садовіна тутака можа ўзрастаць нават бяз штучнага абвадненьня, бязумоўна патрэбнага ў іншых падзваротнікавых краінах Пірэнэйскага паўвострава. Па заходніх схіла Португальскіх узгоркаў трапляюцца цэлыя лясы міжземнаморскіх хвой і корачных дубоў. На-