Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Масквы) — тут зусім разышліся ў грамадзе славянскіх перасяленцаў, якія прышлі сюды з захаду і з паўднёвага захаду. Увабраўшы ў сябе фінскую кроў, славяне стварылі тут вялікарускую нацыю, якая хутка падпала яшчэ пад уплывы татараў, але вызвалілася з-пад татарскага ярма, узмацнілася, склала магутную Маскоўскую дзяржаву, колёнізавала землі, што ляжаць на ўсход па Волзе, Урал і Сібір, злучыла нарэшце пад сваёй уладай усю Усходня-Эўропейскую раўніну і бязьмежныя абшары Паўночнай Азіі.

Окска-Волскае міжарэчча зьяўляецца асяродкам вялікарускага краю і калыскай вялікарасійскай дзяржаўнасьці. Ад даўных тубыльцаў краіны ― фінаў ― тут не засталося нават і рэштак. Сучасныя насельнікі лічацца самымі тыповымі прадстаўнікамі вялікарусаў, а мова іх зрабілася агульнавялікарускай пісьменнай мовай. Тут, каля Масквы, пачалося аб'яднаньне дауных вялікарускіх княстваў у адну Маскоўскую дзяржаву, так званае "зьбіраньне зямлі Рускай.

Для вялікарусаў характэрным зьяўляецца ўсходні ўплыў у сямейным, грамадзянскім і рэлігійным жыцьці. У рэлігійных пытаньнях вялікарусы выяўляюць чыста ўсходні фанатызм. Пры гэтым яны найвялікшую вагу дадаюць ня сутнасьці веры, а паказному яе боку, абрадам. Нідзе сярод славянаў няма такой вялікай колькасьці рэлігійных сэкт, як сярод маскоўцаў.
Можна сказаць, што кожнае здарэньне ў політычным жыцьці Маскоўшчыны выклікала ўтварэньне новых рэлігійных сэкт, новых рэлігійных суполак. Пасьля выпраўленьня даўных кніг патрыархам Ніканам утварыліся стараверы рознага закону, якія абвясьцілі "ніканіанцаў" гэрэтыкам, богаадступнікамі; пасьля рэформаў Пётры І зноў аддзялілася ад праваслаўнай веры некалькі сэкт, якія абвясьцілі Пётру І антыхрыстам. На чужаверцаў маскоўцы глядзяць з пагардай і ўнікаюць іх. У іх няма тэй рэлігійнай талерантнасьці, якой адзначаюцца беларусы і ўкраінцы. Гэтым тлумачацца надзвычайныя разьмеры рэлігійных змаганьняў паміж сэктамі, змаганьняў, якія загналі фанатычных старавераў у лушчы далёкай поўначы, у пустыні далёкага ўсходу, за межы Маскоўшчыны, змаганьняў, якія выклікалі нават самаспаленьне стараверай на вогнішчах.

Дзякуючы палажэньню ў асяродку Усходняй Эўропы, у Окска-Волскім міжарэччы крыжуюцца галоўныя ўсходня-эўропэйскія чыгункі, галоўныя гандлёвыя шляхі. Лежачы на мяжы паўднёвага бязьлеснага земляробскага пасу і паўночнага пасу, багатага дрэвам, краіна зрабілася пасярэдніцай у гандлі гэтых пасаў. Пашырэньню гандлю у краіне дапамагала і адсутнасьць ураджайных грунтоў, бо прымушала насельнікаў шукаць дапаможных заняткаў апрача ральніцтва, якое не давала тут вялікай карысьці.

Ральніцтва стаіць у краіне нявысока. Толькі ў апошнія гады перад вайной каля сталіцы пачалі завадзіць канюшыну; у рэшце краіны рашуча пануе трохпалёўка, і галоўнымі расьлінамі зьяўляюцца жыта і авёс. Свайго збожжа тут не хапае.