Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цыі немцы-асаднікі краіны разам з немцамі Заволжа атрымалі самаўрад. іх землі складаюць асобную самаўрадную рэспубліку "Немцаў Паволжа" (502 тыс. насельн.).

Ральніцтва ў Прыволскім узвышшы зьяўляецца галоўным заняткам люднасьці. Жыта, як наагул блізка-што па ўсёй Маскоўшчыне, займае першае месца сярод гатункаў збожжа. За жытам ілуць усьлед пшаніца і ячмень; дзеля алею сеюць сонечнік, лён, кановлі, а ў нямецкіх асадахяшчэ гарчыцу, якая лёгка пераносіць сухмені і дае вялікія ўраджаі. У сярэднім краіна мае некаторы надмер збожжа і алею, і звычайна вывозіць яго ў Сярэднюю Маскоўшчыну. Аднак на выпадак сухменяў, каб не галадаваць, кожны гаспадар мусіць рабіць запась збожжа на 2-3 гады. У паўднёвай палове краіны (у Саратаўшчыне) вельмі добра сьпеюць кавуны (асабліва ля места Камышын); каля рэк і ў ярох саджаюць садовіну, пераважна яблыні і вішні, бо игрушы і сьлівы гінуць ад зімовых маразоў. Саматужная прамысловасьць пашырана ў нямецкіх асадах, дзе карыстаюцца славай саматужныя ткацкія вырабы. Фабрычная прамысловасьць накірована на апрацоўку мясцовага збожжа, асабліва на выраб мукі. Каля Волгі апроч таго пабудавалася многа пільняў, на якіх пілуюць сплаўленае з Паўночнай Маскоўшчыны дрэва.

Галоўнай адзнакай краіны зьяўляецца сувязь яе з Волгай. Волскае рыбацтва, праўда, ужо страціла сваю даўнейшую вагу, і толькі на поўдні ловяць яшчэ шмат волскай рыбы, але Волга зьяўляецца важным гандлёвым шляхам, які злучае краіну з Касьпійскім стэпам і Каўказам, з Сярэдняй і Паўночнай Маскоўшчынай і Уралам. Тысячы людзей знаходзяць сабе заработка на Волзе. Тысячы грузчыкаў, плытнікаў і асначоў ад вясны да позьняй восені працуюць на волскіх прыстанях, на розных параходах, на барках, бярлінах і плытох. Волга зрабіла краіну гандлёвым пасярэднікам між асяродкам Маскоўшчыны, Сярэдняй Азіяй і Каўказам; дзякуючы Волзе, краіна адразьняецца ад Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыны сваім вялікім гандлёвым значэньнем.

Аднак у галодныя гады ніякія дапаможныя заняткі не даюць дастатных заработкаў насельнікам краіны, і сотні тысяч тутэйшых сялян кідаюць свае вёскі ды йдуць у гарады, выяжджаюць у суседнія краіны, на Дон, Кубань, на Украіну.

Гарады Прыволскага ўзвышша ўтварыліся з даўна-маскоўскіх крэпасьцяй, пабудованых з мэтай засланяць Маскоўшчыну ад заволскіх стэпавых вандроўнікаў. З часам разьвіцьця параходнага руху на Волзе гэтыя гарады набылі значэньне абменных пунктаў і асяродкаў апрацоўкі сельска-гаспадарчых продуктаў. Зразумела, што найвялікшыя з іх павырасталі над самай Волгай на высокім правым беразе яе. Шмат церпяць гэтыя гарады ад размываньня ракой гэтага берагу. Кожны год рака перасоўваецца на захад, цэлыя кварталы гарадоў абурваюцца і слаўзаюць у раку, а насельнікі гарадоў мусяць будаваць свае хаты ўсё далей і далей на захад.