Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

На паўночным усходзе краіны над Волгай і Сьвіягай у тым месцы, дзе паміж гэтых рэк застаецца толькі вузкі пярэсмык у 3 вярсты ушыркі, ляжыць губэрскі горад Ульлянаўск або Сімбірск (69 тыс. нас.), асяродак загатоўкі збожжа і лесу, з вялікім чыгуначным мастом цераз Волгу.

Ніжэй Самарскай лукі стаіць Сызрань (43 тыс. нас.), таксама важны пункт пераправы цераз Волгу. Мост цераз Волгу ў Сызрані зьяўляецца найвялікшым ува ўсёй Усходняй Эўропе (дасягае 1 вярсты 175 сажняў удоўжкі). У ваколіцах Сызрані у Жыгулёх капаюць асфальт. Ёсьць тут таксама значныя паклады гаручых лупнякоў. Імі будзе карыстацца, як апалам, вялікая электрычная станцыя, якую тут спадзяюцца пабудаваць.

Далей на поўдзень ляжыць, так сказаць, сталіца краіны ― Саратаў (183 тыс. насельн.), які бойка гандлюе прыволскім збожжам, прыкамскім лесам, ніжняволскай рыбай і каўкаскай нафтай. Мільёны пудоу дрэва, што сплаўляецца сюды па Волзе, пілуецца на многалічных пільнях Саратаву; яшчэ большую вагу мае апрацоўка мясцовых продуктаў ― апрацоўка скуры, выраб мукі, круп ды алею. Саратаў зьяўляецца зборным месцам волскіх плытнікаў і асначоў, якіх тут лягчэй за ўсё наняць для працы на рэчных судзінах. Як у культурным асяродку Прыволскага краю, у Саратаве шмат усялякіх школ і ў тым ліку ёсьць унівэрсытэт.

Ніжэй Саратаву, у тым месцы, дзе Волга мяняе свой паўднёвы кірунак на паўднёва-ўсходні і зварочвае ў Прыкасьпійскі саланчаковы стэп, стаіць Царыцын (107 тыс. насельн.). Сюды прывозяць і адгэтуль разьмяркоўваюць па ўсёй Усходняй Эўропе рыбу волскай нізавіны і каўкаскую газу; адгэтуль-жа разьмяркоўваюць па стэпе лес, які прывозіцца па Волзе з Паўночнай Маскоўшчыны. У ўраджайныя гады праз царыцын вывозіцца на паўднёвы захад да прыстаняй Азоўскага і Чорнага мора значная частка прыволскага збожжа.

Адкідныя матар'ялы царыцынскіх і саратаўскіх пільняў будуць служыць апалам для вялікіх электрычных станцый, якія будуць тут пабудаваны згодна пляну электрыфікацыі Расіі. Царыцынская станцыя мусіць даваць энэргію між іншым для электрычнай чыгункі ў Данеччыну.

У баку ад Волгі на вышнявіне Суры, у асяродку Мардоўскай зямлі, ляжыць значны губэрскі горад Пенза (80 тыс. нас.) з вялікімі паравымі млынамі і буйным хлебным гандлем.

Заволжа адразьняецца ад Прыволскага ўзвышша як сваёй прыродай, гэтак і люднасьцю. Гэта вялікая роўная нізіна, даўнейшае дно Касьпійскага мора і суседніх з ім даўно зьнікшых несалоных вазёр. Ледзь прыметна нізіна павышаецца на ўсход, пакрысе пераходзячы ў так званае Прыуральскае ўзвышша (якое йначай завецца Обшчым Сыртам). Левы бераг Волгі паўсюды нізінны, роўны і голы або пакрыты лярэчным поплавам. Толькі супроць Самарскай лукі, дзе Волгу пераразае Жыгулёўскі скід, і тут, на левым беразе, уздымаюцца гэтак званыя Сакаловы горы і паміж іх цікавы сваёй самотнасьцю Царай Курган.