Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Асаблівай прыгожасьцю адзначаецца правы бераг Волгі у так званых Жыгулёўскіх горах, якія пачынаюцца ніжей места Ульлянаўск (Сімбірск) і адзначаюцца чароўнай зьменай дзікіх голых скал і акругленых лясных схілаў. Жыгулёўскія горы зьяўляюцца адзіным скідам усёй УсходНя-Эўропейскай раўніны. У тым месцы, дзе цяпер Волга выгінаецца ў так званую Самарскую луку, калісь утварылася ў шырынёвым кірунку вялікая шчыліна ў земнай кары. Пласты, што ляжалі на Поўдзень ад гэтай шчыліны, падняліся мэтраў на 200 над пластамі, якія засталіся на поўнач зд шчыліны. Такім спосабам і ўтварыліся горы на самай дарозе ракі Волгі. Волга мусіла абысьці Жыгулёўскае ўзвышша і прабілася праз яго толькі каля места Самары. У гэтым месцы прарыву ракі праз Жыгулёўскі скід, нават і на левым, звычайна нізінным, беразе уздымаюцца ўзгоркі ― так званыя Сакаловы горы ― працяг Жыгулёў.

На поўдзень ад Жыгулёў. Прыволскае ўзвышша дасягае найвялікшай вышыні (385 м. н. р. м. каля м. Хвалынску), цягнецца далей да Царыцыну, пакрысе зьніжаецца і нарэшце на поўдзень ад Царыцыну застаецца у баку ад Волгі і пераходзіць у ланцужок Эргеньскіх узгоркаў на вадападзеле Касьпійскага і Чорнаморскага вадазбораў.

Пачынаючы ад вусьцяў Камы і далей на поўдзень правы бераг Волгі ляжыць каля самага вадападзелу. Толькі маленькія кароткія рэчкі сьцякаюць з гэтага вадападзелу на ўсход беспасрэдна у Волгу. Большасьць рэк цячэ адтуль або на захад у Аку (Мокша), або, як Мядзьведзіца Глаўля,-на поўдзень у Дон, або, як Сура і Сьвіяга,-на поўнач у Волгу. Сура і Сьвіяга цякуць амаль роўналежна Волзе, але у адваротным кірунку.

Сьвіяга каля Ульлянаўску цячэ толькі ў 3-х вёрстах ад Волгі (затое на 20 сажняў вышэй), але далей, перш як уліць у Волгу сваю ваду, бяжыць у паўночным кірунку 375 вёрст. Такім чынам калі з Ульлянаўску паехаць за вадой па Сьвіязе, дык, праехаўшы некалькі сот вёрст па гэтай рацэ ды колькі сот вёрст па Волзе, можна зноў апынуцца ў Ульлянаўску. Волга бязупынна падгрызае свой правы бераг, і магчыма, што ў хуткім часе ўся адлегласьць між ёй і Сьвіягай будзе зроўнена, а Сьвіяга будзе ўлівацца у Волгу ня ў Сьвіяску, як цяпер, а каля Ульлянаўску, і з значнай ракі перавернецца ў зусім кароткую.

Клімат Прыволскага ўзвышша сушэйшы, як у Паўднёва-Заходняй Маскоўшчыне. Улетку ўсё тут сьмягне ад сьпякоты, узімку і расьліны, і жывёлы, і чалавек церпяць ад марозу.

Саратаў мае сярэднюю гадавую тэмпературу +5,7°, сярэдняя студзеня -10,8°, ліпеня +22°.

Сухмені ― самае звычайнае зьявішча краіны і самае жудаснае няшчасьце. Раз у 4-5 гадоў сухмені нішчаць усè збожжа, гароды і сады, ад сухменяў гіне ўся трава, трэскаюцца грунты, і краіна ператвараецца пустыню.