Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гэты край, але й яны надаюць мала рознастайнасьці краявіду. Даўней тут сустракалася досыць многа лясоў, так што краіна мусіць лічыцца пераважна лесастэпам, але цяпер большая частка гэтых лясоў павысякана перавернена на бязьмежныя палі. Верхні пласт тутэйшых лёэсавых грунтоў, багаты перагнілай травой, складае вельмі ўрадлівую чорназемную глебу. Аднак каля рэк дзе-ні-дзе трапляюцца і пяскі, падобныя да пяскоў Палесься. Такімі неўраджайнымі куточкамі краю зьяўляюцца мясцовасьці, што ляжаць па Сярэдняй Ацэ, па Суры і па левым беразе Волгі між Вятлугай і Камай. Там па пяскох растуць пераважна хваёвыя бары, таго часу як у рэшце краю па лепшых глебах калі і ёсьць лясы, дык галоўным чынам ліставыя ― асабліва дубовыя гаі, з усіх бакоў абкружаныя нівамі ці стэпам. Запраўдны кавыльны стэп (а не лесастэп) пакрывае толькі паўднёва-ўсходнія ўскрайкі старонкі.

Паводле будовы паверхні Паўднёвую Маскоўшчыну можна падзяліць на 4 краіны: 1) на захадзе, на мяжы з Беларусьсю і Украінай, уздымаюцца ўзгор'і Сярэдня-Рускага ўзвышша; 2) на усход адтуль цягнецца прамытая рэкамі Окска-Донская нізіна, якая злучае Чорнаморскую нізіну з нізінамі Окска-Волскага міжарэчча; 3) яшчэ далей на ўсход удоуж правага берагу Волгі уздымаюцца Прыволскія ўзвышшы; 4) па-за Волгай нізкі левы бераг ракі зьяўляецца пачаткам Заволскай нізіны.

Клімат у Паўднёвай Маскоўшчыне чыста контынэнтавы, сухі, і чым далей на ўсход, тым яшчэ й яшчэ сушэйшы. Зіма вельмі сьцюдзёная, асабліва на паўночным усходзе. (Сярэдняя тэмпэратура студзеня хістаецца між -7° -14°). Затое ўлетку паўсюды пануе амаль аднальковая высокая тэмпэратура. (У ліпені старонка ляжыць між роунацёплымі лінінмі +20° і + 22°). Дажджы выліваюцца ў найвялікшай колькасьці ўлетку, але звычайна-вялікімі ўлевамі, вада якіх хутка сьцякае, не пасьпеушы прамачыць грунту. Часта здараюцца сухмені, калі бязмаль ад самай вясны да восені ня бывае дажджу, і сонца выпальвае ўсю расьліннасьць. Чым далей на ўсход тым часьцей і небясьпечней гэтыя сухмені, якія выклікаюць час ад часу страшэнныя неўраджаі.

У гады сухменяй нівы выгараюць, часамі усыхаюць нават асобныя дрэвы, і ўся старонка прымае выгляд голай, убогай пустыні. Затое ў тыя гады, калі выліваецца досыць дажджу, чорназемная глеба дае надзвычайныя ўраджаі, сяляне не пасьпяваюць жаць, і старонка напаўняецца працоўным людам з Паўночнай Маскоўшчыны, які шукае тады тут заработкаў.

Сельская гаспадарка тут грае яшчэ большую ролю, як у Паўночнай Маскоўшчыне. Большую частку зямлі ўжо ўзаралі, але вырабляюць зямлю кепска, змагацца з сухменямі ня ўмеюць, прылады ўжываюць старыя. Галоўным збожжам тут зьяўляецца жыта (а не пшаніца, як на Украіне), сеюць, апроч таго, авëс, бульбу, каноплі, грэчку. У апошнія часы замест грэчкі усё часьцей сеюць проса, якое лягчэй пераносіць сухмені і дае большыя ураджаі, чым грэчка. Ня гледзячы на надзвычайную ўраджай-