Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

насьць чорназемнай глебы, сяляне жывуць бедна. Зямлі у іх было мала, і яны, прынамсі да рэволюцыі, мусілі працаваць на панскай зямлі. Вёскі Паўднёвай Маскоўшчыны складаюцца з драўляных брудных шэрых халуп, выцягнутых абапал даўгой бяздрэўнай вуліцы. Тут няма прыгожых вясковых садоў, якімі багата суседняя Украіна, няма і высокіх двохпаверхавых чыстых будынкаў, якія часта сустракаюцца па вёсках Паўночнай Маскоўшчыны.

Першапачатковае насяленьне Паўднёвай Маскоўшчыны складалася з розных фінскіх пляменьняў: мешчаракоў, мардоўцаў, марыйцаў (чарамісаў), чувашоў і г. д., але ўжо ў сярэднія вякі сюды пачалі надыходзіць з захаду славяне, а з усходу татарскія (туркскія) народы. Фінскія пляменьні або ататарыліся, як чувашы, або амаскаліліся, і толькі ад мардоўцаў ды марыйцаў засталіся значныя рэшткі да гэтага часу. Славяне, злучыўшыся з фінамі, як і ў Паўночнай Маскоўшчыне, утварылі такі самы вялікарускі народ, але тут ім прышлося спачатку вытрымаць цяжкую барацьбу з татарамі. Спачатку татары былі пераможцамі. Славянскія княствы былі адкінуты за Аку, і нішто не перашкаджала татарскім вандроўнікам панаваць на усёй прасторы Чорназемнай Маскоўшчыны. Аднак у XV в. вялікарусы паступова адваёўваюць гэты край. Маскоўскі ўрад высоўвае за Аку свае ўмацаваньні-гарады; каля гарадоў пачынаюць сяліцца сяляне, змагаюцца з Фінамі і татарамі і пакрысе мяшаюцца, зьліваюцца з імі. У XVІ н. маскоўцы захапляюць асяродак Татарскай дзяржавы-Казань, спускаюцца на ніз па Волзе і пакідаюць там сваіх асаднікаў, так званую вольніцу, якая й дапамагае зьнішчэньню апошніх рэштак вандроўнага жыцьця.

Большасьць сучасных насельнікаў Чорназемнай Маскоўшчыны належыць да вялікарусаў, і, як большасьць вялікарусаў, адразьняецца ад беларусоў і украінцаў ніжэйшым ростам, шырэйшым тварам, большым выступаньнем скул. У характары іх прымячаецца больш азійскага, больш усходніх звычаяў, усходніх поглядаў, якія выяўляюцца, напрыклад, у дэслотычным прыгняценьні кабеты. Запазычыўшы цераз Украіну і Беларусь грэцкую бізантыйскую культуру, яны перарабілі яе на свой лад, дапасавалі да сваіх сьветапаглядаў.

Мова паўднёвых вялікарусаў адразьняецца ад паўночна-вялікарускіх гаворак некаторай падобнасьцю да беларускай мовы.

Яны таксама, як і беларусы, акаюць (вымаўляюць "о" бяз націску, як "а“), таксама, як і мы, вымаўляюць "г" (як латыньскае „h"), гук „в" у іх часта пераходзіць у "у", "т" у трэцяй асобе спражэньня дзеясловаў яны вымаўляюць мякка.

Паводле сваёй культуры паўднёвыя маскоўцы стаяць значна ніжэй за паўночных маскоўцаў, за беларусоў і ўкраінцаў. Няпісьменных тут яшчэ болей, як там. Ня маюць паўднёвыя вялікарусы і тых энэргіі і гандлёвых здольнасьцяй, якімі адзначаюцца паўночныя маскоўцы.