Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзякуючы прыродным багацьцям краіны, гарады тутака шпарка растуць, адзначаюцца вялікім разьвіцьцём прамысловасьці і бойкім гандлем. Асабліва бойка гандлююць тыя гарады, што ляжаць на вялікай чыгунцы з Маскоўшчыны ў Сібір (так званай Вялікай Сібірскай чыгунцы). Таксама бойкі абмен тавараў адбываецца і ў тых гарадох, якія пабудаваліся на межах Паўднёвага Уралу і Кіргіскага стэпу (Арала-Касьпійскай катліны).

Самы важны з гэтых гарадоў ― Орэнбург (106000 насельн.) ляжыць на рацэ Урал у тым месцы, дзе яе пераразае чыгунка з Маскоўшчыны ў Туркестан (на Ташкент). Горад зьяўляецца пасярэднікам у гандлі Маскоўшчыны з Кіргіскім стэпам усёй Сярэдняй Азіяй. Пасьля рэволюцыі Оренбург зроблены сталіцай Кіргіскай самаураднай рэспублікі.

Даўней гандаль Маскоўшчыны з Кіргіскім стэпам гуртаваўся ў Троіцку (25000 насельнікаў). Яшчэ й цяпер тут што-год адбываецца вялікі кірмаш, на які на вярблюдах прывозяцца вырабы Кіргіскага стэпу і Туркестану: шэрсьць вярблюдау, баваўняная і шоўкавая сырына, мігдал, Фісташкі, абрыкосы і іншыя плады з-пад гор Сярэдняй Азіі. У замену Маскоўшчына сюды пасылае крамніну, а Урал ― жалеза, збожжа, медзь.

Каля Вялікай Сібірскай чыгункі ляжаць: Уфа (84000 нас.), важны гандлёвы горад на сутоцы рэк Белай і Уфы; Златавуст (34000 нас.) у тым месцы, дзе чыгунка падымаецца на уральскі хрыбет з вялікай фабрыкай, на якой вырабляюцца нажы, шаблі і іншыя сталёвыя вырабы; Міас (23000 нас.), асяродак нетракапальнай прамысловасьц Паўднёвага Уралу, і Чалябінск (54000 насельн.), багаты, гандлёвы горад, асяродак важнай золатароднай акругі, з вялікімі паравымі млынамі, на якіх апрацоўваюць мясцовае і сібірскае збожжа.

У Чалябінску мусіць быць заложана вялікая электрычная станцыя, якая будзе карыстацца мясцовымі пакладамі бурага вугалю. Гэтая станцыя будзе абслужваць як чалябінскія фабрыкі, гэтак і нетракапальны раëн Златавусту.


Паўднёвая Маскоўшчына.

(Азнач яе географічнае палажэньне. Пералічы тыя староны, з якімі яна мяжуецца).

Паўднёвая частка зямель, залюдненых вялікарусамі, або, карацей кажучы, Паўднёвая Маскоўшчына належыць ужо да паўднёвага, стэпавага пасу Усходняй Эўропы і ляжыць на захад ад Паўднёвага Уралу і на поўдзень ад Акі.

У сярэдняй частцы гэтага краю яшчэ сустракаюцца ледавіковыя адклады, але тут яны пахованы пад грубым пластом лёзсу і ня высоўваюцца на паверхню. Асаблівасьці краявіду залежаць тут перш за ўсё ад уласьцівасьцяй лёэсу. Раўчакі ды яры у розных кірунках пераразаюць