Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

процант тутэйшай люднасьці, а ў шмат якіх месцах пераважваюць над расійцамі. Башкіры адзначаюцца шырокім плоскім тварам, плескаватым носам, круглай галавой і сярэднім ростам. Яны лічаць сябе за патомкаў ногайскіх татар і звычайна разглядаюцца, як народ туркскага племя. (Некаторыя дасьледчыкі аднак лічаць башкіраў за ататараных тубыльцаў Уралу-фінаў).

Башкіры, прынамсі да прыходу маскоўцаў, былі простымі, сумленнымі і лёгкавернымі людзьмі. Гэтым часта карысталіся расійцы, каб ашукаць іх і купіць за нівошта вельмі каштоўныя землі, на якіх сустракаліся карысныя мінэралы.

Уладаўшы калісь неагляднымі статкамі жывёлы, башкіры пад уладай маскоўскіх цароу хутка зьбяднелі і часта галадавалі каля складаў збожжа. сабранага расійцамі з башкірскай зямлі, бо самі не навучыліся добра вырабляць зямлю. Цяпер яны жывуць асела, займаюцца ральніцтвам, але ня любяць гэтага занятку. Польную працу вядуць кабеты, а мужчыны, ледзь пачнецца вясна, кідаюць свае вёскі і разам з сваёй жывёлай перабіраюцца на пашу, дзе жывуць у часовых хатах-берасьцяных або лямцовых палатках, якія там завуцца кібіткамі. Тут на сочнай траве аджывае башкірская жывёлаконі ды авечкі, аджываюць і самі башкіры. Кумыс-кабыльле малако, якім жывяцца там башкіры-вельмі карысны для здароўя, і за лета башкір пасьпее раздабраць і набрацца сіл для наступнай зімы. Увосені башкіры зварачваюцца ў свае вёскі, і такім чынам вядуць да цяперашняга часу напалову вандроўны, напалову аселы спосаб жыцьця.

Зімовыя хаты башкіраў пабудованы келска, маюць выгляд няскончаных або зруйнованых і сьведчаць аб тым, як мала цікавіць башкіра яго сталае месца жыцьця. Хаты будуюцца ня ўдоўж вуліц, як у нас ці ў маскоўцаў, а без парадку; на славяніна башкірская вёска наганяе смутак і жаль.

Пасьля рэволюцыі часткі башкірскага стэпу, у якіх башкіры да гэтага часу складаюць большасьць, былі вылучаны з даўнейшых Уфімскай і Орэнбурскай губэрняў і абвешчаны самаўраднай Башкірскай рэспублікай (2573000 насельн.).

Апрача расійцаў і башкіраў у межах Паўднёва-Уральскай краіны жывуць народы фінскага племя ― мешчаракі і цепцяры, якіх лічаць уцекачам з Паволжа і Казаншчыны. Яны ўжо моцна абашкірыліся і разам з башкірамі трымаюцца магомэтанскай веры. У час башкірскіх паўстаньняў мешчаракі разам з башкірамі біліся за незалежнасьць Башкірскага Уралу, а цепцяры, наадварот, падтрымоўвалі маскоўцаў. З гэтай прычыны маскоўцы пасьля перамогі над башкірамі надзялілі цепцяроў зямлёй, а мешчаракоў і башкіраў прасьледвалі і ганьбілі аж да апошняга часу.

Маскоўцы Паўднёвага Уралу жывуць як па вёсках, гэтак і па гарадох і "заводах", падобных да "заводаў" Сярэдняга Уралу.