Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адбывалася колёнізацыя тайгі славянамі; па рэках і цяпер вывозяць за межы галоўнае багацьце краіны ― лес.

Ня гледзячы на малую колькасьць ападкаў, выпадаючых у краіне, рэкі тутэйшыя вельмі поўнаводныя, шырокія, глыбокія. Замярзаюць яны на 5-6 і болей месяцаў; увясну, дзякуючы вялікай колькасьці раптам раставаючага сьнегу і лěдавым заторам, яны вельмі шырока разьліваюцца, але ня вельмі мялеюць і ўлетку, бо выпарэньне вады тут малое, а балоты пакрысе жывяць рэкі сваёй вадой у працягу ўсёй навігацыі. Апрача таго, лясы, якіх тут вельмі многа, рэгулююць колькасьць вады ў рэках, бо дапамагаюць павольнаму прасякненьню сьнегавой і дажджавой вады грунт.

Галоўная рака краіны ― Паўночная Дзьвіна-складаецца з дзьвëх рэк: Сухоны, якая выцякае з Кубенскага возера, і Югу з прытокай Лузай. Ніжэй сутокі Сухоны й Югу Паўночная Дзьвіна прымае яшчэ прытоку Вычагду і робіцца магутнай ракой болей за вярсту ушыркі. У сваёй нізавіне, прыняўшы яшчэ некалькі буйных прытокаў, Паўночная Дзьвіна дасягае ўшыркі 3-5-7 і болей вёрст і нарэшце ўліваецца ў Дзьвінскую затоку (т. зв. губу) Белага мора. Для тайгі Паўночнай Маскоўшчыны Паўночная Дзьвіна мае такую-ж вагу, як Волга для Сярэдняй і Паўднёвай Маскоўшчыны. Па ёй праз Архангельск вывозіцца за межы лес, па ёй адбываюцца зносіны паміж асобнымі часткамі краіны. Суднаходны канал злучае Сухону з Шаксной, і такім спосабам злучае яе з Волскім вадазборам і рэчнай сецьцю Вазёрнай краіны (бо Шаксна злучана з Онескім возерам). Вышнявіны Югу і Лузы блізка падыходзяць да пачаткаў рэк Волскага вадазбору (Унжы, Вятлугі), а прытокі Вычагды толькі нізкім надападзелам аддзелены ад прытокаў Камы і Вяткі.

Ужо ў даўныя часы цераз гэтыя вадападзелы або волакі, як іх тады звалі, перацягвалі тавары даўныя гандляры, што разьяжджалі ў сваіх чаўнох па Паўночнай Дзьвіне і па Волскіх прытоках. Сухона была галоўнай дарогай, на якой у тайгу пранікалі перасяленцы-славяне з Вялікага Ноўгаралу. Шукаючы нечапаных лясоў, багатых на хутровага зьвера, ноўгародзкія зьвералоўцы плылі на ўсход па Сухоне, потым або на поўдзень па Югу і Лузе, па вятцы і Каме, або на поўнач па Паўночнай дзьвіне да берагоў Белага мора.
За зьвералоўцамі ішлі земляробы, якія пабудавалі там свае вёскі і гарады, зваявалі першапачатковых насельнікаў і далучылі усю краіну да уладаньняў Вялікага Ноўгараду. У ХV в. тайга пераходзіць пад уладу Масквы, але сувязь яе з Масквой спачатку была вельмі слабая, і толькі ў XVІІ в. сюды, у бязьлюдныя лясныя нетры, пачалі перасяляцца стараверы, якія хаваліся тут ад прасьледаваньняў і ўціску на іх веру з боку маскоўскага ўраду. Нават каля самай Волгі па берагох яе левых прытокаў аж у XІX в. трымаліся патаемныя кляштары старавераў, потым разбураныя расійскім урадам.