Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Сярод сучасных насельнікаў тайгі пераважваюць расійцы, якія або зьмяшаліся з першапачатковымі тубыльцамі, або адціснулі іх у глухія лясы і тундры на поўнач і ўсход. Тутэйшыя вялікарусы трохі адразьняюцца ад сярэдніх і паўднёвых маскоўцаў. Яны захавалі болей старасьветчыны ў сваіх поглядах і звычаях, гаворка іх адзначаецца "оканьнем", выразным вымаўленьнем безнаціскнога "о". (Паўднёвыя вялікарусы, як і беларусы, гавораць у такіх выпадках "а", напр., "Масква“, а не "Москва").

На захадзе краіны ў надазборы Паўночнай Дзьвіны мясцовыя вялікарусы адзначаюцца высокім ростам, моцным целаскладам, самапэўнасьцю, рухавасьцю, прыгожасьцю. На паўднёвым усходзе па Вятцы жывуць вялікарусы ніжэйшага росту, слабыя, хваравітыя на выгляд. Хаты вялікарусаў у вадазборы Дзьвіны вялікія, адмыслова акрашаныя разьбой; у сярэдзіне хаты чыста, прыгожа, бязмаль гарадзкая абстаноўка. У вяцкіх вялікарусаў хаты брудныя, маленькія, крытыя саломай; у пакоях цемра, убоства, гразь. Адсталасьць і беднасьць вяцічаў тлумачаць большым пашырэньнем прыгону ў іх землях, а ніжэйшы рост іх ставяць у залежнасьць ад большай падмешкі фінскай крыві.

Побач з вяцкімі вялікарусамі яшчэ й цяпер жыве шмат дауных насельнікаў краю ― фінаў-вацякоў, якія вельмі падобны па абліччы да сваіх вялікарускіх суседзяў, але адразьняюцца ад іх галоўным чынам сваёй вацяцкай мовай фінскага кораню. Яны таксама нізкія, пахілыя, маўклівыя, жывуць бедна, у цемры і брудзе. Паводле веры яны лічацца праваслаўнымі, але захавалі шмат паганскіх звычаяў і поглядаў.

Поўную процілежнасьць ім становяць зыране, другі фінскі народ, як да гэтага часу складае большасьць насяленьня ў вадазборы Вычагды. Яны сярэдняга або й высокага росту, здаровыя, здольныя, падобныя да вялікарусаў Дзьвінскага вадазбору. Зыране жывуць у чыстых, іншы раз двохпаверхавых хатах, любяць мыцца і каля хаты заўсёды будуюць асобную лазьню. Зыране добрыя паляўнічыя, лоўкія гандляры, але кепскія земляробы. Паводле мовы як зыране, гэтак і вацякі належаць да прыуральскай галіны фінскага племя.

Як зыране, гэтак і вацякі атрымалі цяпер самаурад. Залюдненыя імі землі складаюць самаурадныя рэспублікі воцкую (29 тыс. кв. клм, 705 тыс. насельн.) і Зыранскую (275 тыс. кв. клм., 203 тыс. насельнікаў).

Усе часткі Ўсходня-Эўропэйскай тайгі вывозяць лес і продукты лясной гаспадаркі: дзёгаць, смалу, шпігінар. Аднак вялікая адлегласьць гэтай краіны ад краін, патрабуючых дрэва, перашкаджае лясному гандлю. У Заходняй Эўропе болей куплялі лясных матар'ялаў з Беларусі і фінска-Скандынаўскага масыву, бо прывозіць лес з тайгі праз Архангельск і Ледаватае мора было нявыгодна: дарога каштавала болей, як самы матар'ял. Аднак у апошнія часы зьнішчэньне лясоў Сярэдняй Эўропы прымусіла зьвярнуць болей увагі на лясы далёкай тайгі. Цяпер лясныя промыслы могуць лічыцца галоўным заняткам люднасьці тайгі. Ральніцтва тут