Старонка:Географія Эўропы Маскоўшчына, Украіна, Карпаты, Крым.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усходня-Эўропейская тайга ляжыць у вадазборы Паўночнай Дзьвіны і паўночных прытокаў Волгі. Крайна гэтая адзначаецца роўнасьцю паверхні, і нават на вадападзеле між Волскім і Беламорскім вадазборамі знаходзяцца толькі нізкія ўзгоркі, якія атрымалі назоў Паўночных грудоў (увалаў). Як на поўнач, гэтак і на поўдзень ад гэтых грудой паверхня зьніжаецца вельмі павольна, ледзь прыметна, на паверхні ляжаць мяккія морзнавыя адклады, а на поўнач ад прытокі Паўночнай Дзьвіны — Вычагды — іх замяняюць адклады Ледаватага мора, якое пакрывала калісь крайнюю поўнач Усходняй Эўропы.

Клімат Усходня-Эўропэйскай тайгі параўнаўча халодны, жорсткі, сухі. Праўда, улетку яшчэ хапае цяплыні нават для дасьпяваньня збожжа, але затое зіма паўсюды вельмі халодная, марозная. Сьнегавы насьціл пакрывае краіну у працягу 5-6 месяцаў. Халодная пара году цягнецца каля 6 месяцаў, а часам і болей.

Места Вусьць-Сысольск, на ўсходзе краіны, мае сярэднюю тэмпэратуру году +0,3°, сярэднюю студзеня −15,2°, ліпеня +16,6° на поўначы Архангельск мае такую самую сярэднюю тэмпэратуру году, але дзякуючы суседзтву Белага мора, там лета халаднейшае (Ліпень +15,8°), а зіма не такая марозная (студзень −13,7°).

У час кароткага лета не пасьпяваюць адкрасаваць і прынесьці плады звычайныя ліставыя дрэвы; з ліставых дрэў толькі бяроза, дзе-ні-дзе вольха ды кволая рабіна могуць вытрымаць тутэйшы клімат. Галоўнымі расьлінамі краю зьяўляюцца ігластыя дрэвы: хвоя, елка, сібірская мадрына, на ўсходзе яшчэ сібірская ельніца, а на крайнім усходзе сібірская кядровая хвоя, ядобнае насеньне якой пад назовам кядровых арэшкаў паўсюды прадаецца па крамах і рынках. Ня вельмі высокія, рэдкія й кволыя, пакрытыя лішаямі дрэвы тайгі нібы згарбелі, выстараліся без пары. Паўсюды сярод лясоў сустракаюцца імшары, шмат ёсьць такіх непралазных немярэчаў, па якіх ня ступала чалавечая нага. Лясы пакрываюць большую частку краіны і зьяўляюцца галоўным багаццем яе.

Па глухіх пушчах і немярэчах да цяперашняга часу жыве яшчэ шмат рознастайных жывёл: ласёў, мядзьведзяў, ваўкоў, лісаў, рысяў, куніц, гарнастаяў і расамах. Асабліва-ж многа вавёрак і лясных птушак: глушцоў, цецярукоў, рабкоў.

Затое чалавек у тайзе прымае меншы ўдзел у краявідзе, чымся ў тых краінах, якія ляжаць на поўдзень адсюль. На ўсходзе краіны на кожнага чалавека прыпадае квадратовы кілёмэтр, або сто й нават болей дзесяцін зямлі. Балотныя, няпрыступныя вадападзелы залюднены вельмі рэдка або й зусім не залюднены. Крышку гусьцей жывуць людзі каля рэк, якія граюць вельмі важную ролю у жыцьці краіны. Поплавы каля рэк даюць найлепшую спажыву дамовай жывёле; рыбныя багацьці даюць яду чалавеку; як узімку, гэтак і ўлетку рэкі зьяўляюцца найлепшымі дарогамі; па рэках