Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Урэшце для паўднёвае і заходняе Беларусі можа мець нейкае значэньне і Гданскі порт, што ляжыць пры ўтоку Віслы. Рэкі сыстэмы Віслы — Буг, Нарэў і Бобр абвадняюць заходнюю Беларусь, а Каралеўскі канал зьвязуе з Віслаю паўднёвае Палесьсе.

З партоў Чорнага мора пэўнае значэньне могуць для нас мець Херсон, што ляжыць пры ўтоку Дняпра (цераз яго йдзе шмат лесу з Беларусі) і суседнія парты — Адэса, Мікалаяў і г. д. Аднак усе яны ляжаць занадта далёка ад Беларусі. Належаць яны да Украіны.

Нямаючы сваіх марскіх партоў, Беларусь мусіць неяк умовіцца з сваімі заходнімі суседзямі, каб карыстацца іхнімі партамі і каб забяспечыць беларускаму гандлю дарогу на шырокі сьвет.


Дзяленьня Беларусі на краіны.

Мы ўжо шмат чаго даведаліся аб розных бакох жыцьця і становішча Беларусі, аб яе адзнаках: аб паверхні Беларусі, яе расьціннасьці, яе гаспадарцы. Але ўсё гэтае, узятае паасобку — і горы, і рэкі, і гаспадарка і г. д. ёсць толькі як бы асобнымі штрыхамі вялікага вобраза, якім ёсць край і яго жыцьцё. Нам-жа трэба сабе гэты абраз так пазнаць, як ён ёсьць па-праўдзе, — адразу з усімі яго хварбамі і адзнакамі. Для гэтага разгледзім усе бакі жыцьця краю, ўсе яго адзнакі адразу.

Зрабіць гэта ня так лёгка. Занадта многа будзе гэтых штрыхоў і няма яшчэ ў іх акуратнага парадку. Калі трудна пазнаць увесь край у суцэльнасьці адразу, дык ці ня можам мы ўперад у суцэльнасьці-ж пазнаць асобыя паветы, краіны і г. д.?

Чым дэталічней хочам мы пазнаць край, тым на меншыя абшары павінны мы яго разьдзяліць, каб пасьля кожан такі абшар разглядаць асобна.

У гэтай кнізе далей мы будзем разглядаць асобна паветы, ня дзелючы ўжо іх на меншыя районы.

Паветаў у Беларусі ёсьць каля 65. Калі мы іх будзем разглядаць уважней, пабачым, што часта суседнія паветы вельмі адзін да аднаго падобны. Паўстае пытаньне, ці не маглі б мы разглядаць па некалькі сумежных паветаў разам, злучыўшы іх у адну краіну? Гэтак нам і трэба зрабіць.

Разгледзіўшы кожны павет з усіх бакоў, пазнаўшы яго ў суцэльнасьці, мы захочам так сама ў суцэльнасьці пазнаць усю Беларусь, як мы знаем яе асобныя паветы.

Шмат лягчэй будзе нам сабе прадставіць усю Беларусь, калі мы гэтыя 65 паветаў паскладаем у групы — краіны.