Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паветы, злучаныя ў краіну маюць шмат у сабе падобнага. Але ў чым, у якой адзнацы для нас ёсьць найважнейшая гэтая падобнасць? Па якіх адзнаках будзем мы злучаць, альбо ня злучаць паміж сабою паветы ў краіны?

Беларусь — край гаспадарскі, а мы ўжо ведаем, што гаспадарка вельмі зьвязана са шчыльнасьцю або гушчынёю насяленьня. Адзнака гэтая — гушчыня насяленьня — ўсюдых добра вымерана, людзі палічаны і так сама прастор зямлі. Вось-жа гэтую адзнаку — гушчыню насяленьня мы прымем за адну з важнейшых. Гушчыню насяленьня павету мы будзем лічыць як бы выкінуўшы паветавае места, дзеля таго, што ў месьце народ, ведама, жыве надта густа, а на гаспадарку гэта не заўсёды моцна ўплывае. Дзеля гэтага мы будзем разглядаць гушчыню сельскага насяленьня.

На гаспадарку апроч жыхараў, іх гушчыні ўплывае прырода — грунты, клімат і г. д. Але наймацней прырода залежыць ад паверхні краіны і яе падняцьця над роўняй мора. Адну прыроду маюць узгор‘і, другую нізіны. Дзеля таго ўстройства паверхні мы прымем за другую важнейшую адзнаку.

Абраз краіны стварыла прырода яе і яе насяленьне. Дзейнасць насяленьня цягнецца вось ужо праз тысячы гадоў і ёсьць вельмі рознароднаю. Не заўсёды зможам мы паводлуг аднае толькі гушчыні насяленьня злучыць разам тыя паветы, якія прыродна паміж сабою злучаны ў жыцьці. Дзеля таго павінны мы зьвярнуць увагу на эканаміцкія звязкі (напрыклад гандлёвыя) асобных паветаў, на іхныя зьвязкі ў мінуўшчыне, на звычаі іхнае гаспадаркі і г. д.

Урэшце і палітычная зьвязь накладае часамі моцныя свае знакі на край. Ня шкодзіць, бывае другі раз, прыняць пад увагу, прыкладам, палітычныя межы краю — у мінуўшчыне.


Возьмем-жа мы карту Беларусі і панадпісуем на кожным павеце, якая там ёсьць гушчыня насяленьня. А каб лягчэй было нам разгледзіцца ў гэтых цыфрах замалюем паветы хварбамі такім спосабам, прыкладам, каб там, дзе найгусьцей насяленьня жыве, была і хварба найгусьцей паложана.

Гляньма цяпер на карту. У некалькі яе мяйсцох хварба ляжыць найгусьцей. Возьмем такі найгусьцейшы павет, прыкладам Навагрудзкі і палядзём, якія паветы да яго падобны, якія не.

Возьмем з другога боку павет з найбольш рэдкім насяленьнем — Мозырскі. Калі Навагрудзкі будзе асяродкам аднае краіны, — найгусьцейшае, Мозырскі будзе асяродкам найрадзейшае. Паміж гэтых двох паветаў ляжыць пав. Слуцкі. Куды яго аднесьці?

Па гушчыні ён займае як раз блізу сярэдзіну пяміж Навагрудзкім і Мозырскім. I мы ведаем, што, і папраўдзе, яго заходняя і паўночная часткі зусім падобны да Навагрудзкага пав.