Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мора.

Марскія дарогі, як ведама, найвыгаднейшыя і найтанейшыя. Беларусь ляжыць паміж двох мораў — Балтыцкага і Чорнага, пры гэтым да першага значна бліжэй, чымся да другога. Але нідзе беларуская зямля да самага берагу мора не даходзіць. Дзеля гэтага мусіць наш гандаль карыстацца марскімі партамі, якія ляжаць на чужой зямлі.

З партоў Балтыцкага мора найбольшае значэньне для Беларусі маюць: Рыга, Лібава, Клайпеда і Кёнігсбэрг (Каралевец).

Рыга ляжыць ля Рыжскае затокі пры ўтоку ракі Дзьвіны, якая ў сваім верхнім і сярэднім цячэньні абвадняе паўночную Беларусь. Бярэзінскім-жа каналам злучана Дзьвіна з Дняпром. Такім парадкам уся пауночна-ўсходняя Беларусь — прымерна на ўсход ад р. Бярэзіны цягне да Рыжскага порту. Чыгункі так сама злучаюць Рыгу найпрасьцей з поўначай і ўсходам Беларусі. Тым часам, з Заходняй Беларусяй зьвязь не такая моцная. Цераз Рыжскі порт вывозіцца шмат лесу, лёну і пянькі з Беларусі, а так сама збожжа з паўднёвае Маскоўшчыны.

На жаль Рыжскі порт вельмі доўга (кала 4 месяцаў) узімку бывае замерзшы.

Значэньне Рыжскага порту, як мы бачым, для Беларусі надта вялікае. Яно яшчэ пабольшала-б, калі-б нашыя вадзяныя дарогі былі расчышчанымі і каб судаходзтва па іх ня мела толькі перашкодаў. Асабліва паднялося-б значэньне Рыгі пры правядзеньні вялікага Чорнаморска-Балтыцкага каналу, аб якім казана вышэй.

Лібава зьвязана з цэнтрам Беларусі старой чыгункавай лініяй (Лібава-Роменская). Лібава мае блізка што незамярзаючы і вельмі выгодны і добра ўстроены порт. Дзеля гэтага мела яна дагэтуль вельмі важнае значэньне для беларускага гандлю. Асабліва гэтае значэньне павялічылася тым, што порты ляжачыя далей на паўдня былі адрэзаны ад Беларусі Нямецка-Расейскай мяжой. Шмат ідзе цераз Лібаву і украінскага збожжа.

Рыга і Лібава ляжаць на латышскай зямлі.

Кёнігсбэргскі порт (Піллау) — найбліжэйшы з узіх марскіх партоў да Беларускае зямлі ляжыць у Нямеччыне, пры ўтоку р. Прэгалы. Некалькі лініяў чыгункі зьвязуе яго з беларускімі местамі (Беластокам, Горадном) безпасярэдна, а лінія Коўна-Кёнігсбэрг, якая йдзе цераз Літоўскую зямлю, зьвязуе яго з Вільняю. Апроч таго р. Прэгалу лёгка можна было-б злучыць каналам з Нёмнам.

Кёнігсбэрг з даўных часоў вёў шырокі гандаль з Беларусяй. I дагэтуль праз яго вывозіцца шмат беларускае пянькі, лёну і г. д.