Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вадзяныя дарогі.

Аб прыродных вадзяных дарогах мы ўжо казалі. Беларусь мае густую сетку судаходных рэкаў. Праўда, частка іх закінута, неагледжана і дзеля гэтага гэтымі воднымі дарогамі карыстацца няма як. Але пры пэўным клопаце і затратах, чысло судаходных рэкаў шмат павялічалася-б.

Штучныя вадзяныя дарогі.

Галаўнейшых судаходных каналаў у Беларусі — чатыры — Бярэзінскі, Агінскі, Аўгустоўскі і Каралеўскі.

Бярэзінскі канал злучае Бярэзіну з Дзьвіною. Ен ідзе праз рэчкі Сергуч (прыток Бярэзіны), возера Манец, якое злучана каналом з воз. Бярэшта. З возера-ж Бярэшта выплывае рэчка Бярэшта, прыток Ессы. Есса ўпадае ў Лепельскае возера, а з гэтага возера выплывае Улла — прыток Дзьвіны.

Бярэзінскі канал выкапаны быў у 1805 г. Упярод ён быў судаходны. Пасьля рэкі і возеры абмялелі і цяпер па ім толькі сплаўляюць лес.

Агінскі канал злучае Ясельду (прыток Прыпяці) з Шчараю. Даўжыня яго каля 50 вёрст. Канал ідзе па балоцістых прасторах і праходзіць цераз два возеры — Выганаўскае воз. і воз. Вульку. Выкапаны ён яшчэ ў XVIII веку. Найбалей служыць канал для сплаву, але перацягуюць па ім і баркі на лінах.

Аўгустоўскі канал злучае Віслу з Нёмнам цераз р. Бабёр (прыток Нарві), Нэтту (прыток Бабра) і Чорную Ганжу (прыток Нёмна). Большая часьць каналу ідзець недалёка ад мяжы Беларусі. Рух на канале малы, бо ў ім мала вады.

Каралеўскі канал злучае Піну (прыток Ясельды) з Мухаўцом (прыток Бугу). Гэта найбольшы з каналаў Беларусі. Ен мае ўдаўжкі 75 в. Пракапаны ён яшчэ ў XVIII веку. У 1840 гаду ён быў паглыблены. Канал гэты мае вялікае значэньне, злучаючы Дняпро з Віслаю. Па ім ідзе лясны тавар, а так сама і хлеб з Украіны ў порт Гданск, што ляжыць на Балтыцкім моры пры ўтоку Віслы.

Усе гэтыя чатыры каналы злучаюць Чорнае мора з Балтыцкім. Ня гледзячы на такое сваё важнае значэньне, даглядаюцца яны вельмі блага і цяпер у поўным упадку.

Даўно ўжо зьявілася думка аб тым, каб каторы з гэтых каналаў, а так сама і рэкі ім злучаныя, моцна паглыбіць і разчысьціць.

Калі-б гэтак сталася, на нашай зямлі йзноў, як у даўнейшыя часы, прайшла-бы вялікая гандлёвая дарога, злучаючая Усход Эўропы з яе Захадам. Пэўне што на гэтым вельмі многа выйгралі-б узьбярэжныя месты і ўся Беларусь.