Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ткацкія хвабрыкі гуртуюцца каля некалькіх цэнтраў: Беластоку, Клінцоў (Суражскага пав.) і Ярцава (Духаўшчынскага пав). Найбольш разьвіта гэтая прамысловасьць у Беластоку і каля яго. Тамака працуюць найбольш хвабрыкі, што прадуць воўну і вырабляюць сукно, корт і драп. Хвабрыкі гэтыя былі пазакладаны немцамі каля 1800 г., калі яны тамака гаспадарылі пасьля III падзелу Польшчы. Хаця па Тыльзіцкай згодзе Беласточчына і адыйшла да Расеі, аднак прамысловасьць разьвівалася далей дзякуючы блізкасьці мяжы і чужаземным капіталам. Беластоцкія хвабрыкі вырабляюць найбольш танныя сарты сукна і драпу, а так сама корт. Шмат гэтых матар'ялаў ідзець на тандэтную адзежу.

Ткацтва разьвілося ня толькі ў самым Беластоку, але і ўва ўсіх яго ваколіцах. Па дробных мястэчках пад Беластокам пабудаваліся вялікія хвабрыкі з сотнямі работнікаў, а так сама шмат ёсьць і дробных рамясьнікоў-ткачоў, якія маюць у хаце варштаты. З гэтых мястэчак важнейшыя — Заблудаў, Харошча, Супрасьль і інш.

Беластоцкія хвабрыкі вырабляюць у год тавараў больш як на 10 міліёнаў рублёў. На іх працуюць каля 10 тысяч работнікаў. Гэта самы важны цэнтр хвабрычнай прамысловасьці ў Беларусі.

Другім важным цэнтрам ткацтва трэба лічыць Клінцы, Суражскага пав. разам з яго прадмесьцямі — Стадоламі, Казённаю Туросьняю і іншымі. Тут істнуюць вялікія хвабрыкі, найбольш суконныя; яны вырабляюць у год тавараў (сукна, драпу, коўдраў, ваты і інш). на 3½ міліоны рублёў пры 4000 работнікаў.

У Ярцаве, Духаўшчынскага пав. асобна стаіць вялізная ткацкяя хвабрыка т. зв. Ярцаўская мануфактура. Тутака прадуць бавоўну і ткуць найбольш танныя паркалі. Усяго вырабляе гэтая хвабрыка у год тавараў на 3 міліёны руб.; а на ёй працуюць больш 4000 работнікаў.

Трэба ўрэшце зьвярнуць увагу на адну невялікую хвабрыку сукна ў Парэччы (Пінск пав). На гэтай хвабрыцы вырабляюцца добрыя гатункі сукна што году на 180 тысяч рублёў.

Ткацкая прамысловасьць найбольш разьвіта пры межах Беларусі, перарабляе глаўным чынам прывозныя прадукты (бавоўну, воўну) і патрымліваецца найбольш чужаземным капіталам. Аднак пры дагодных варунках у гэтых істнуючых ужо цэнтрах магла-б разьвіцца і пашырыцца буйная беларуская прамысловасьць.

Вельмі шкода, што ў нас блізка няма хвабрыкаў, якія выраблялі-б льняныя тканіны з нашага-ж лёну, які мы ў аграмадным ліку вывозім за мяжу.

У большых гарадох Беларусі разьвіваюцца буйныя прамысловасьці кравецкая, шавецкая і інш. Апрача мэханічнага вырабу ботаў, панчох і інш. (Вільня, Менск), ёсьць шмат кантораў, якія раздаюць працу на дом сотням рамясьнікоў: шыцьцё