Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шмат сеюць лёну і канапель часта спатыкаюцца маслабойныя заводы алеярні (Смаленск, Гомель). Апроч таго ў розных мяйсцох спатыкаюцца крахмальныя і дражджавыя заводы. Апошнія істнуюць найбольш пры браварох.

Па ўсёй Беларусі параскіданы сыраварні, найбольш пры пактах у вялікіх дварох. Асабліва многа сыраварняў у Смаленшчыне.

Апошнімі часамі адкрываецца ўсё больш паравых млыноў, якія патроху выціскаюць звычайныя вясковыя вадзяныя млыны і ветракі.

Цукраварняў цяпер пакуль што на Беларусі блізка што[1] няма, затое ёсьць хвабрыкі цукеркаў, шакаладу і іншых прысмакаў; найбольшая з гэтых хвабрык — у Вільні.

У лясістых мясьцінах Беларусі досіць густа разсеяны невялікія заводы па пераробцы дрэва і іншых лясных прадуктаў — пільні, смалярні і інш. Даўней з Беларусі вывозіўся толькі непілаваны лес. Дзякуючы гэтаму паадкрывалася шмат пільняў у Кіеве, Кацярынаславе, Рызе і г. д. Тады і нашыя лясныя гандляры сталі рабіць пільні і цяпер ужо значная частка лясных матар'ялаў з Беларусі ідзець пілаванаю. Заводаў гэтых яшчэ аднак мала і на гэтым наш край шмат траціць.

Дагэтуль яшчэ шмат дрэва з Беларусі прадаецца за рубяжом на паперныя хвабрыкі і з яго вырабляецца папера, тым часам у нас паперняў пакуль што толькі каля дзесятку. Важнейшыя паперні знаходзяцца ў Дабрушу (Гомельскага павету), Чашніках (Лепельскага павету) і ў Нова-Вялейцы (Віленскага павету). Дабрушская хвабрыка вырабляе найболыш паперы і прытым лепшых сартоў. Па свайму ўстройству і па вялічыні займае яна пачэснае мейсца паміж паперняў усяе Эўропы. Паперу на ёй робяць лепшыя сарты — з анучаў, горшыя — з дрэва і саломы, якія перарабляюцца ўперад на асобых заводах. Хвабрыка апрыч пары працуе яшчэ і вадой. Для гэтага выкарастана аграмадная сіла р. Іпуці. На Дабрушскай хвабрыцы працуе каля 1500 работнікаў.

Найбольш дрэва ідзе на тыя хвабрыкі, дзе вырабляюцца горшыя сарты паперы (на вокладкі, абіцьцё) і бібула. Такіх хвабрык найбольш у Віцебшчыне.

Выраб сярнічак на Беларусі досіць разьвіты. Беларускімі сярнічкамі карысталася амаль не палавіна даўнейшай Расеі. Найбольш пашырана гэтая прамысловасць у Чарнігаўшчыне (Сафіеўка, Злынка, Навазыбкаў і інш.), Меншчыне і ў Віцебшчыне. Найбольшыя хвабрыкі сярнічак у Пінску, Барысаве, Гомлю і інш. Прамысловасць гэтая вельмі хутка расьце. З кожным годам адкрываюцца ўсе новыя і новыя хвабрыкі.

  1. Есьць некалькі цукраварняў на самай паўднёвай мяжы Беларусі ў Чарнігаўшчыне.