Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Урэшце на паўдні дзе ня-дзе сеюць цукровыя бураки, з якіх робяць цукар. Гэтыя буракі аднак могуць расьці так сама блізка што і па ўсёй Беларусі на лепшых глыбокіх грунтох. Даўней у нас былі і свае цукраварні напр. у Пінскім павеце у двары Парэччы ды пазакрываліся дзеля розных прычынаў.

Грэчкі найбольш сеюць на пескавых грунтох у паўднёвай Беларусі. На поўначы яе сеюць мала, бо яна баіцца халадоў і дзеля таго, што там наагул больш цяжкія грунты. На паўдня ад лініі Пінск—Магілеў—Рослаў грэчкі сеюць асабліва многа. На пескавых разлогах паўднёвага Палесься іншае збожжа родзіць слаба, а грэчка ўдаецца. У Чарнігаўшчыне і сумежных з ёю частках Магілеўшчыны грэчкі сеюць так многа, што яна займае часамі большую палавіну яравой зьмяны. Многа сеюць грэчкі і ля Нёмну у паўночнай Горадзеншчыне і ў Лідзкім павеце.

На поўначы Беларусі у Віцебшчыне і Смаленшчыне вялікае значэньне мае лён. Для дамовага ужытку сеюць лён усюдых, але у вышэй памянёных краёх сеюць лён напродаж. Сеюць яго найбольш на дзерванох і пасьля канюшыны. Лён тут удаецца добры і дае вялікае грашавое падтрыманьне гаспадарцы. Найбольш лёну сеюць у паўночнай Смаленшчыне (Бельскі, Духаўшчынскі, Красенскі, Парэцкі, Дарагабужскі паветы).

Канопліў ва ўсёй Беларусі сеюць у гародах па якім гарцу. На паўднёвым жа ўсходзе Беларусі (Чарнігаўшчына, сумежныя з ёю часьці Магілеўшчыны і Смаленшчыны) канопляў сеюць шмат і прадаюць пяньку. Пянька тут мае такое самае значэньне, як на поўначы лён. Яна прыносіць у гаспадарку вольны грош на зварот, на падаткі і на патрэбную ў гаспадарцы куплю. За тое яна моцна вынішчуе поле. Там, дзе сеюць больш канопляў, пад іх ідзе увесь гной і для рэшты поля нічога не застаецца.

У паўднёвай Беларусі сеюць патроху проса ў Мозырскім, Рэчыцкім, Гомельскім і інш. паветах. Так сама ў паўднёвай Беларусі, асабліва ў Чарнігаўшчыне сеюць досіць многа табакі. Тамашнія гаспадары маюць з табакі вялікую карысьць. Прыказка навет кажа, што „без табакі няма чым падаткаў плаціць." Трэба заўважыць, што якраз у беларускай Чарнігаўшчыне разводзяцца найбольш цэнныя сарты табакі (амэрыканскія, або цыгарныя).

Апрача збожжа сеюць яшчэ на полі траву: канюшыну, выку, сарадэлю, цімафейку і інш.; найбольш сеюць канюшыну і выку. Шмат канюшыны і цімафейкі сеюць у Смаленшчыне і Віцебшчыне, бо пасьля іх добра ўдаецца лён. Іншых траваў там мала знаюць. Затое на захадзе Беларусі побач з канюшынаю, якой сеюць так сама багата, знаходзіцца шмат выкі (на цяжэйшых грунтох) і сарадэлі (на пяскох). З гэтых траваў выходзіць сена надта дагоднае для малочных кароў.