Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сеюць яшчэ ў нас на палёх лубін. Лубін у восені, як ён вырасьце высокі, заоруюць і ён угнойвае зямлю. Асабліва карысны лубін на бедных пескавых грунтох, якія ён можа праз некалькі год зрабіць ураджайнымі.

Лубін гэта новая расьціна. Сеяць яго пачалі гадоў 10-20 таму назад, а ўперад у нас яго ня зналі. Так сама нядаўна пачалі сеяць сарадэлю, выку і наагул траву.

Сыстэмы або спосабы гаспадаркі.

Мы ўжо абзнаёміліся з адным са спосабаў гаспадаркі — з трохпалёўкаю, якая найбольш пашырана ў сялянскіх гаспадарках на ўсёй Беларусі. Пры трохпалёўцы ворная зямля падзелена на тры зьмяны і з гэтых зьменаў адна, — папарная (кожны год іншая), — гуляе. У восені на папары сеюць жыта.

Апрача трохпалёўкі ёсьць і іншыя спосабы гаспадаркі і лепшыя і горшыя, ці можа, сказаць ляпей, і вышэйшыя і ніжэйшыя. Бо ўсюдых гаспадарка уперад была горшаю, а пасля паднялася у гару — зрабілася вышэйшай, лепшай. Паляпшаецца гаспадарка ад таго, што на яе чалавек больш працы і капіталу кладзе. Вось жа чым людзём цясьней жыць робіцца, тым больш яны стараюцца і больш кладуць працы на свой кавалачак зямлі, тым і гаспадарка вышэйшая. Вышэйшая гаспадарка дае з кожнай дзесяціны зямлі больш прыбытку чымся ніжэйшая.

Як стала цясьней жыць у нас, агледзіліся гаспадары, што цэлая траціна поля заўсёды гуляе. Сталі патроху займаць папар — то выкай, ці канюшынаю, то бульбаю. Цяперака ўсюдых, дзе сялянская гаспадарка паднялася, усюдых частку папару нечым займаюць.

Па дварох рэдка дзе можна стрэць трохпалёўку. Найбольш там спосаб пладазьменны. Орная зямля пабіта на 4-6-8 і больш зьменаў і на кожнай зьмяне накшае збожжа, дый кожны год у парадку зьмяняецца. Бывае і тут папар, але яго мала — найбольш чацьвертая частка. За тое шмат сеюць травы, бульбы і буракоў.

Пладазьменная гаспадарка вядзецца цяпер блізу па ўсіх дварох у цэнтральнай і заходняй Беларусі і у вялізазнай большасьці двароў у ўсходняй і паўднёвай Беларусі. Так сама гэты спосаб гаспадаркі мы знойдзем у большасьці дробных гаспадароў, што сядзяць на адзіноце на фаліварках і хутарох, асабліва на захадзе.

Па вёсках пладазьмен спатыкаецца рэдка, бо гэтаму перашкаджаюць вясковыя парадкі — напр. супольная паша скаціны на папары і г. д. Праўда, што за апошнія гады шмат вёсак разсялілася на хутары і завяло пладазьмен, але большасьць сядзіць на мейсцы і толькі што год усё зьмяншае і зьмяншае свой папар, займаючы яго засевамі.