Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Даўней (гадоў 50 назад) дворнае зямлі было шмат больш, чымся сялянскае. Дворнае было 15 міліёнаў, сялянскае 12 міліёнаў дзесяцін. Але з кожным годам і двароў і дворнае зямлі убывае, — яе раскупляюць сяляне і наагул дробныя гаспадары. На мейсцы даўнейшых двароў разсыпаліся дробныя фаліваркі, засьценкі і хутары пакупцоў.

Цяпер дворнае зямлі, трэба лічыць, ёсьць толькі прымерна колькі сялянскае. Рэшта даўнейшае дворнае зямлі належыць дробным пакупцом.

Засевы.

Найабльш сеюць у нас жыта. Яно ня надта пераборліва на зямлю і зьяўляецца для нас разам з бульбаю галоўным срэдзтвам пражыўленьня. Звычайна займае яно трэцюю часьць поля жытнюю зьмяну. Апроч жытняе зьмяны ёсьць яшчэ яравая і папарная. Яны усе тры бываюць з большага роўныя. У яравой зьмені сеюць ярыну авёс, ячмень, бульбу і г. д. У папарнай зьмяне зямлю падгатаўляюць на жыта.

Такі парадак гаспадаркі, калі ворная зямля разьдзелена на тры зьмяны называецца трохпалёўкаю.

У Горадзеншчыне, ў жытняй зьмяне часта сеюць апроч жыта пшаніцу-азімку. Сеюць яе патроху і у Віленшчыне і Меншчыне.

Пасьля жыта найбольш сеецца аўса, бульбы, ячменю. Шмат яшчэ сеюць грэчкі, лёну, гароху. Сеюць таксама пшаніцу-ярыцу, каноплі, проса і інш.

Аўса сеюць усюдых шмат, а найбольш у Смаленшчыне. Ен займае прастору ў два разы менш, як жыта. На паўднёвым усходзе Беларусі ў Чарнігаўшчыне, ля Прыпяці і Сожа аўса сеюць менш. Там яго мейсца займае грэчка і бульба.

Ячменю шмат сеюць у цэнтральнай і заходняй Беларусі, а найбалей у Віцебшчыне. Гэта тлумачыцца суседзтвам Балтыцкага краю (Латвіі), дзе асабліва шмат сеюць ячменю, значная частка ячменю ідзець на бравары і перакуруецца на піва.

Бульбы найбольш сеюць на лёгкіх грунтох на паўдні і захадзе; там яна асабліва добра ўдаецца. Бульбаю засаджуюць тамака вялікія абшары. Яна ідзець найбольш на бравары, дзе з яе гоняць сьпірытус. Найбалей бульбы садзяць у паветах Рэчыцкім, Суражскім, Гомельскім і Новазыбкаўскім і ўва ўсёй паўднёвай і заходняй Городзеншчыне і Заходнім Палесьсі.

У лепшых гаспадарках сеюць кармовыя буракі на корм скаціне. Яны патрабуюць добрай гнойнай зямлі і шмат працы, але даюць вялікую карысьць.