Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З гэтага ліку прымерна трэйцяя частка пад сенажацямі. Найбольш сенажацяў ёсьць на прасторах Палескае нізіны. Тамака яны займаюць безканечныя даліны рэкаў і падсушаныя і расьцярэбленыя балоты. З усіх сенажацяў Беларусі накошуецца каля 300 міліёнаў пудоў сена. Дзесяціна сенажаці даець у нас небагата, — усяго каля 60 пудоў сена (3-4 вазы — калясьнікі).

Ворнае зямлі ў Беларусі каля 11 міліёнаў дзесяцін.

Дворная і вясковая гаспадарка.

Накшая гаспадарка ў дварох, накшая ў вёсках. Вясковы гаспадар мае некалькі дзесяцінаў зямлі і працуе на ёй сам з сям‘ёю. У двары зямлі некалькі сотняў, а то і тысячаў дзесяцін. Гаспадар двара сам не працуе на полі; за яго працуюць найміты-парабкі.

Вясковаму гаспадару трудна пракарміцца з свае лапіны зямлі. З усіх сіл стараецца селянін, каб павялічыць свой палетак: расьцярэблюе пасекі, хмызьнякі і балоты, ні аднэй лапінцы зямлі ня дасьць гуляць. Лесу вясковы гаспадар па большай часьці ня мае; калі і меў, дык упатрэбіў.

Сьвіран у фаліварку.

У двары хлеба хапае. Лепшую зямлю гаспадар арэ, горшую запускае пад лес. Чуць ня ўсе нашыя лясы стаяць на дворнай зямлі. Шмат дворнае зямлі ляжыць пад зарасьнікамі і дзірванамі. — За тое дворныя балоты часьцей бываюць асушаны, чымся сялянскія, часамі больш іх і расьцярэблена. Больш сілы ў двара, больш капіталу.

Есьць яшчэ ў нас зямля скарбовая; яна ўся блізу ляжыць пад лясамі і няўжыткамі. Да дзяржаўнага скарбу належыць каля 2 міліёнаў дзесяцін.