Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Расьціннасьць.

У даўнейшыя часы бязмална ўся Беларусь была пакрыта бязмежнымі лясамі, ад якіх пазаставаліся толькі слабыя ўспаміны — цяперашнія нашыя пушчы. Тады-ж зямля была падзелена між лесам і балотам. Узвышшы пакрываў лес, а нізіны — балота. І толькі на паўднёвым усходзе Беларусі — за Сожам разьлёгся бязьлесны стэп. Але ў працягу вякоў леc адваяваў сабе і гэты невялікі кавалак беларускага стэпу і дайшоў да Дзясны. Стэп застаўся за Дзясною.

Панаваньню лесу палажыў канец чалавек. Ен павысякаў бары і зрабіў поле, парасьцярэбліваў балоты і зрабіў сенажаці. І цяпер, у нашыя часы ўжо мала лесу асталося ў Беларусі. Пазаставаўся лес найбалей на такіх грунтох, дзе нішто балей расьці ня можа. Цяпер лясы займаюць каля чэцьверці ўсяго прастору Беларусі.

Аднак лясы — галоўнае багацьце Беларусі. Хоць і ня лішне шмат іх у нас ёсьць, але ўсё-ж шмат балей, як у нашых суседзяў. Дзеля гэтага Беларусь свой лес вывозіць чуць ні ўва ўсе бакі — і ў Нямеччыну і на Украіну і ў іншыя Эўропэйскія краі. Апроч гэтага лясы маюць і іншае значэньне — праз увесь час гісторыі яны баранілі наш народ ад чужаземных нападаў, дый цяпер толькі лясы і балоты абараняюць нашыя межы з суседзямі. — Урэшце лясы задзержуюць у сабе вільгаць, дзякуючы чаму ў нас ня бывае сухменяў. Яны задзержуюць пескавыя грунты ад выдзьмухаваньня. Часта здараецца гэтак, што высеклі стары хваёвы бор і з пасекі робіцца пескавая выдма.

Найбалей лясоў — у Бярэзінскім і Прыпяцкім палесьсях, на Окаўскім лесе, у Вяліскім, Парэцкім і Аршанскім паветах. Ува ўсіх гэтых краёх лясы займаюць каля 40% усяго прастору.

У Заходняй Беларусі і ў лесастэпу лясоў мала. Таксама лясы павысяканы каля вялікшых местаў — Віцебску, Смаленску, Гомеля і інш.

Пароды лесу залежаць найбалей ад грунту. Кожын лёгка можа бачыць, што на пяску расьце хвоя, а на гляі — елка ды дуб. Па тым якое дрэва расьце навет пазнаюць які дзе грунт.

Залежаць яшчэ пароды лесу і ад клімату. На далёкай поўначы — у Магілеўшчыне ляжыць паяс чыстых хваёвых лясоў. На паўдні Беларусі — у лесастэпу і яшчэ далей на паўдня найбалей ліставыя дрэвы. А вялікшая частка Беларусі ляжыць у паясе мяшаных лясоў.

Чым далей на паўдня, тым % ліставых лясоў вялікшы. Вось для прыкладу 4 паветы, якія ляжаць адзін пры адным на адным балей-меней мэрыдзіане. Барысаўскі мае 15% ліставых лясоў, Ігуменскі і Бабруйскі па 20%, а Рэчыцкі 30%.

Аднак і на поўначы Беларусі ёсьць цэлыя краі, дзе пераважаюць ліставыя дрэвы. Гэтак вось Окаўскі лес — самы лясны край Беларусі, пакрыты бярозавымі ды асінавымі лясамі з не-