Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзякуючы вільгаці робяцца перагнойныя квасы. Гэтыя квасы апушчаюцца ў ісподнія пласты грунту, вымываючы з усяго грунту шмат частак яго пажыўных для расьцінаў. Ад гэтага грунт робіцца бялейшым, найбалей яго ісподні пласт; гэты пабялеўшы, выпаласканы грунт завецца падзолістым. Бывае, што грунт бялее да самага верху і падобны зьверху да попялу. Тады яго завуць падзолам. Падзол, калі ён мокры — сьлізкі, як высахне — цьвярдзее, і з яго робіцца пыл. Гэтым ён прыпамінае гляісты грунт. Але з яго ўсе пажыўныя для расьцінаў часткі выпаласканы. Дык падзолы — вельмі бедныя грунты. Па ўраджайнасьці яны стаяць можа ніжэй навет за пескавыя грунты.

Падзолы ляжаць у паўночнай Беларусі, іх там досыць многа. Найбалей іх на поўначы Парэцкага і Бельскага пав., у Вяліскім і Полацкім паветах.

Найбалей ураджайным грунтам лічыцца ў нас гляісты грунт. У ім, таксама як і ўва ўсіх іншых грунтох, ёсьць шмат і пяску (да 40%, рэшта 60% — глей). Гэты пясок яму, ведама, толькі памагае, бо іначай-бы ён, высахшы, быў цьвёрды, як скала. І так ён да вырабу цяжкі, асабліва ў сушу. Але ў ім ёсьць шмат сытных для расьцінаў частак і дзеля гэтага ён даець добрыя ўраджаі, якія аплачуюць цяжкую працу.

Гляістага грунту найбалей ёсьць у паветах Слуцкім, Наваградзкім, Менскім, Невельскім і Гарадоцкім. Слуцкія і Наваградзкія грунты лічацца самымі ўраджайнымі на ўсю Беларусь.

Сугліністы грунт мае ў сабе балей пяску. Тут пяску роўна з глеем, або і балей чымся глею. Пераз гэта сугліністы грунт лягчэйшы за гляісты. Ен таксама лічыцца добра ўраджайным. Гляісты і сугліністы грунты завуць цяжкімі грунтамі і яшчэ завуць пшанічнымі грунтамі, дзеля таго што на іх добра ўдаецца пшаніца. З лясных пародаў ва гэтых грунтох растуць: елка, дуб, асіна, ляшчына і інш.

Сугліністых грунтоў на Беларусі шмат. Найбалей іх у цэнтральнай Смаленшчыне, паўночнай палавіне Магілеўшчыны, Віленшчыне і паўночна-заходняй Горадзеншчыне.

Супескавы грунт мае ў сабе яшчэ меней глею, а балей пяску. Гэты грунт дае вельмі добры ўраджай, калі яго акуратна гнаіць. Аднак ён па ўраджайнасьці лічыцца горшым за першыя два. Яго завуць жытнім грунтам.

Супескавых грунтоў у Беларусі яшчэ балей, як сугліністых. Іх ёсьць вельмі многа ўва ўсіх частках Беларусі, апрача Прыпяцкага і Дняпроўскага Палесься.

Пескавыя грунты маюць у сабе мала глею (не балей за 5-7%), рэшта пясок. Таксама мала ў іх бывае і перагною, і дзеля гэтага яны даюць ураджай толькі, калі іх добра гнаіць. Іначай ня толькі нічога не парасьце, але яшчэ да таго зямлю