Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сухмяні[1]) бываюць у Беларусі рэдка ды найбалей на ўсходзе. А дзеля таго, што блізка ўсюды на ўсходзе ляжаць цяжкія гляістыя грунты, сухмяні шкоды вялікае ня робяць. Навет, наадварот, у Смаленшчыне бывалі выпадкі, калі пасьля вельмі даўгое сухмені ўраджаі выходзілі яшчэ лепшыя, чымся ў звычайны год. Гэта аднак ня можна лічыць за правіла, — асабліва, што да пескавых грунтоў.

Грунты Беларусі.

Мы ўжо ведаем, што першыя часы пасьля ледавіковага пэрыаду ўвесь прастор Беларусі быў пакрыты ледавіковым (морэнным) матэр‘ялам і што зьверху каменьне, прынесенае ледавіком пакрысе рассыпалася, аж пакуль з яго ня зробілася ўперад жарства, а пасьля гліна і пясок. Ведаем яшчэ, што на паўднёвым усходзе Беларусі ляжаў між іншым і лёсс, які асеў з пылу, што прынесены быў ветрам з поўначы. Вось на гэтых глінах, пяскох ды лёссе і павырасталі грунты.

Грунты ствараюцца з горных пародаў пры помачы расьцінаў і мікраарганізмаў. На дзікой скале пасяляюцца ўперад самыя непераборлівыя расьціны — лішайнікі, імхі і інш. Пасьля зьяўляюцца ўсё балей і балей пераборлівыя, вышэйшыя расьціны. Усе яны ўміраючы перагніваюць на зямлі і ўгноіваюць зямлю для тых расьцінаў, што растуць пасьля іх. Вось-жа дзікая гліна, альбо жвір угноены рэшткамі перагніўшых расьцінаў ці перагноем і робіцца грунтам. У грунце пашыраецца карэньне траў і збожжа, ворны грунт пераварочуе гаспадар сахою і бараною, гатуючы яго да сяўбы.

Калі беларускія грунты паробіліся з тае гліны, пяску і лёсу, якія пакінуў па сабе ледавік, дык пэўне і якасьці ўсіх грунтоў залежаць ад таго, з якое, як кажуць, мацярынскае пароды грунт злажыўся.

Мы ўжо казалі, што ў старадаўныя часы ўся Беларусь была пад лесам, апроч паўднёва-ўсходняга краю. Тамака ляжалі стэпы. Праўда, пасьля і там парос лес, але ўсё ж стэп пакінуў па сабе вельмі значныя сьляды, дзеля чаго і паўднёва-ўсходні край завуць лесастэпам. Грунты лесастэпу моцна розьняцца ад грунтаў лясное Беларусі і дзеля таго мы іх будзем разглядаць асобна.

Грунты лясное Беларусі. (Дзярновыя).

Гэтыя грунты ня вельмі багаты перагноем. Хоць у лесе перагнівае досыць многа рэштак расьцінаў, але перагною шмат ня зьбіраецца. Гэта дзеля таго, што тут вельмі многа вільгаці.

  1. Засухі.