Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным краі. Есьць іх даволі і ў Палесьсі, але тамака на першы плян выступаюць ужо травяныя балоты.

Найвялікшы прастор займаюць травяныя балоты Зарэчча (на паўдня ад Пінску) — каля 1400 кв. вёр. Тут зыходзіцца шмат прытокаў Прыпяці і яны пераплятаючыся паміж сабою пакрываюць усё Зарэчча густою сеткаю вадзяных пратокаў. Увясну, як разьліваюцца гэтыя рэчкі, усё Зарэчча робіцца вялізазным возерам і прыпамінае нам тыя часы, як на ўсім Палесьсі стаялі воды Гэродотавага мора. Аж да сярэдзіны лета стаіць паводка, так што па ўсіх кірунках сярод густых чаротаў можна езьдзіць у чаўнох. Над балотам толькі дзе-ня-дзе віднеюцца вёскі паляшукоў, пабудаваныя на пескавых узгорках.

Другое вялізнае балота ляжыць на ўсход ад р. Горыні — гэта Вялікія Галы. Галы займаюць старану вышэйшую, чымся Зарэчча і дзеля гэтага веснавыя паводкі рэдка калі іх заліваюць. Галы пакрыты купінамі і густою травою, з параскіданым усюды лазовым зарасьнікам. Пад Галамі ляжыць глыбокі слой торфу.

Такі самы характар, як В. Галы, маюць абшырныя балоты, што акружаюць возера Князь.

Вялізазныя травяныя балоты ляжаць і на паўдня ад Прыпяці. На самым захадзе каля м. Зьдзітава ляжыць балота Малочкава. Далей на ўсход, каля р. Шчары, ляжыць вялізнае балота Качайло. Яно акружае Выганоўскае возера і праразаецца Агінскім каналам. Лічуць, што балота Качайло займае больш 1.000 кв. вёр. прастору. Яшчэ далей на ўсход — за р. Цною ляжыць балота Грычын — як аб ім кажуць — затока даўнейшага Гэродотавага мора. Балота Грычын цікаўнае тым, што яно ўсё адкрытае і непраходнае і йдзець увесь час без перарыву. Прастору яно займае каля 500 кв. вёр. З берагоў балота косяць, трава расьце добрая. Але ніколі не дакошавалі да сярэдзіны балота.

Спаміж балотаў паўночнае Беларусі найвялікшыя — Верацейскае балота ў Аршанскім павеце — цягнецца на якіх 25 вёрстаў удаўжкі, балота Лоньніца ў Полацкім павеце — паміж рэкамі Дрысаю і Полатаю — якое займае каля 75 кв. в. прастору. На ім раскіданы сем невялічкіх вазёраў.

Тыповымі імшарамі ёсьць балоты паўночнае Смаленшчыны — Жакоускі мох і Сьвіцкі мох. Першы ляжыць на мяжы Парэцкага і Бельскага паветаў, а другі ў Бельскім павеце. Абодва яны цягнуцца вёрстаў на 15 удаўжкі.

Клімат Беларусі.

Дзякуючы блізкасьці Беларусі да мора і таму, што яна не аддзелена ад мора якімі не́будзь высокімі горнымі ланцугамі, у ёй пануе клімат (калі раўнаваць прыкладам з Маскоўшчынаю) мягкі, мерны, з цёплымі зімамі і ня вельмі гарачымі летамі.

Важным паказчыкам характару клімату ёсьць сярэдняя тэмпэратура паветра — гадавая, летняя і зімовая.