Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да востраву, які ляжыць сярод возера. Возера ня глыбокае, навет на сярэдзіне.

Каля воз. Нароча у суседзтве ляжаць яшчэ — даўгое ды вузкое воз. Сььвір, воз. Мадзёл і інш.

У Брацлаўскім павеце надзвычайна многа вазёраў. Некаторыя з іх досіць вялікія — воз. Дрысьвяты, Брацлаўскае, Спуды маюць каля 30-35 кв. вёрстаў кожнае. Воз. Дрысьвяты вельмі глыбокае. Мясцамі глыбіня яго даходзіць 25 сажняў. — Усе гэтыя вазёры багаты рыбаю. Часамі ў іх знаходзяць шчупакоў па пуду вагі і вялікшых.

Урэшце трэба ўспамянуць аб праслаўленым на ўвесь сьвет нашым Міцкевічам воз. Сьвітэзь. Ляжыць гэтае возера ў Наваградчыне, каля м. Гарадзішча. Берагі яго абкружаныя дубовымі і бярозавымі гаямі робяць чаруючае ўражаньне. Пад гэнымі дубамі ня раз сядзеў Міцкевіч пішучы свае несьмяротныя творы. Вада ў возеры чыстая, як у крыніцы, берагі высланы, як сумысьля, рознакалёрнымі каменьчыкамі. Дно цьвёрдае, пакрытае дробнымі каменчыкамі і белым пяском. Падарожныя, якіх шмат ходзіць, каб агледзіць бацькаўшчыну Міцкевіча, ніколі ня мінаюць гэтага харошага кутка.

Балоты.

Мала якая старонка мае гэталькі балотаў, як нашая Бацькаўшчына. Восьмая частка Беларускае Зямлі ляжыць пад балотамі. Дык варта нам бліжэй пазнаёміцца з балотамі.

Балоты бываюць розныя. Галоўныя віды балотаў гэта — імшары альбо сфагнавыя і травяныя.

Сфагнавыя балоты завуцца гэтак таму, што яны парасьлі мохам сфагнумам. Мох гэты мы ўсе добра ведаем — гэта белаваты мох, які кладуць у сьцены пры будоўлі. Таксама ўсюды трапляюцца, і можа найчасьцей, сфагнавыя балоты. Па большай часьці яны зарастаюць багуном, буякамі (ягады падобныя да чарніцы), журавінамі. У перамежку з усімі гэтымі ягадамі расьцець нізкая, хоць ужо старая, балотная хвойка. А пад мохам сфагнумам ляжаць тоўстыя пасты торфу. І вось часамі на цэлыя вёрсты і дзесяткі навет вёрстаў цягнуцца гэтыя прасторы маленькіх хвоек, хаваючых пад сабою сфагнавае балота. Найбалей сфагнавыя балоты ляжаць паміж лясоў. Як высякаюць лясы, дык высыхае і балота.

Сфагнум мае вялікую здольнасьць прыцягаць вільгаць. Там, дзе пасяліўся і разрастаецца сфагнум, пакрысе робіцца ўсё вільгатней і творыцца сфагнавае балота часамі на роўным месцы. Творацца сфагнавыя балоты і начай — зарастаньнем азёраў, Зарастаюць азёры і з берагоў — там часамі возера акружана бывае паясом ушыркі ў некалькі вёрстаў — чаротаў, асакі, сітніку, харошых касачоў, аеру і іншых балотных траваў. Пасярод возера растуць таксама ў бесканечнай лічбе ўсякія вадзяныя расьціны. Кожную восень яны адміраюць і апускаюцца на