Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Магілевам і ніжэй утоку Бярэзіны. Значнейшыя Дняпроўскія прыстані вось якія: Смаленск, Дуброўна, Ворша, Копысь, Шклоў, Магіле́ў, Ст. Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца, і Лоеў.

У Дняпро цякуць вось якія рэкі і рэчкі: з правага боку — Воп, Хмосьць, Друць, Бярэзіна і Прыпяць; з левага — Сож і Дзясна.

Бярэзіна выцякае з Менскага ўзгор‘я недалёка ад м. Докшыц, і цячэ на большай часьці па нізіннай палескай мясцовасьці. Мясцамі аднак берагі яе робяцца ўсхонаватымі і няпрыступнымі. Ад м. Барысава па ёй ходзяць баркі і параходы, хаця і з перарывамі ўлетку, бо на Бярэзіне трапляецца многа плыткіх мясцоў. Цячэньне Бярэзіны ціхое, павольнае, бо спад невялікі. Шырыня яе пад Барысавам каля 20 сажняў, а ніжэй Бабруйска яна даходзіць 70 і балей сажняў. Даўжыня ўсяе ракі — 590 вёрстаў.

Бярэзіна злучана з Дзьвіною — Бярэзінскім каналам, які мае вялізнае значэньне для нашага гандлю.

З паміж прытокаў Бярэзіны трэба адзначыць найвялікшы Сьвіслач (мае ўдаўжкі 250 вёрстаў), на якой стаіць Менск. Улетку гэта невялічкая рэчка, за тое ўвясну яна дужа разьліваецца і затапляе частку места.

Прыпяць выцякае з Валыні (на Украіне), мае характар балотнае ракі. Цячэ яна ўвесь час сярод балотаў, дзеліцца сама на шмат рукавоў, якія то разыходзяцца, то ізноў злучаюцца паміж сабою. Асабліва ў верхнім сваім цячэньні яна прадстаўляе з сябе сетку рэк, якія пакрываюць сабою Пінскія балоты. Гэтыя рукавы Прыпяці часта маюць свае асобныя назовы (навет у некаторых мясцох раку завуць ня Прыпяцяй, а Струменем, Парком і г. д.). Даўжыня ўсяе Прыпяці каля 800 вёрст., з гэтага ліку на Беларусі яна цячэ на працягу 550 верстаў. Шырыня яе даходзіць да 200 сажняў, а ў веснавое разводзьдзе Прыпяць разьліваецца па 10-15 вёрстаў. Вады ў ёй тады гэталькі бывае, што баркі могуць хадзіць па тых мясцох, дзе ўлетку аралі ці касілі.

Прыпяць мае вялікія прытокі — з правага боку — Стоход, Стыр, Горынь, Уборць і Славечну, а з левага — Ясельду, Цну, Лань, Морач і Птыч. Гэтыя ўсе рэкі маюць асабліва важнае значэньне дзеля таго, што толькі па іх жыхары Палесься могуць мець зносіны з светам, бо іншых ніякіх дарог там няма. З прытокаў Прыпяці — па Стохаду, Стыру, Горыні, Ясельдзе ходзяць параходы, па шмат якіх іншых ходзяць непаравыя судны. Па самай-жа Прыпяці параходы ходзяць да Пінску. Вялікай перашкодай параходзтву ёсьць плыткія месцы, карчы, калоды, якіх шмат у гэтай палескай рацэ; затое парагоў няма. Важнейшыя прыстані: Пінск, Тураў, Петрыкоў і Мозыр. З Ясельды йдзець да Шчары — прытока Нёмнавага — Агінскі канал. А з прытоку Ясельдзінага — Піны ідзець цераз Мухавец да Бугу — Кара-