Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/201

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Паветавы горад Духаўшчына ляжыць далёка ад чыгункі, мае каля 3 тыс. люднасьці і вядзе дробны гандаль. Далёка цікавейшым за яго з‘яўляецца с. Ярцаў-Перавоз, дзе знаходзіцца ўспамінаная ўжо, аграмадная прадзільная і ткацкая хвабрыка бр. Хлудовых, з 4 тыс. работнікаў. Пры хвабрыцы вырас цэлы гарадок, досіць добра ўстроены. Там-жа праходзіць Маскоўска-Берасьцейская чыгунка.

Апрача гэтай хвабрыкі ў павеце прамысловасьць няразьвіта. Есьць некалькі пільняў, бравароў, адна гарбарня, паравы млын. Ярцаўская хвабрыка стаіць саўсім адзінока.

Люднасьць у павеце жыве гусьцей, чым у суседніх, апрача Смаленскага. З промыслаў разьвіта гарбарства, выраб кашоў, бёрдаў. Недалёка ад Духаўшчыны, пры в. Зімніцы, у пекнай гарыстай мяйсцовасьці, знаходзіцца серна-зялезная крыніца.

З трох паветаў, што ляжаць на Окаўскім лесе, найгусьцей залюднёны Ельнінскі. Ня глядзячы на сваё вельмі паднятае палажэньне (Ельнінскі вузел да 150 саж.), мае ён паверхню роўную. Пакрыты ён найбольш лёссавіднымі суглінкамі, а ў далінах большых рэкаў ляжаць супяскі. У няглыбокіх западзінах ляжаць тут на версе ўзгор‘я досіць значныя тарфяныя імшары, із якіх пачынаюцца р. Дзясна, р. Угра і інш.

У гаспадарках Ельнінскага пав. шмат сеюць бульбы і лёну. Але побач з лёнам тут ужо сеюць шмат і канапель на паўдня ад Ельнінскага пав. ляжаць чыста канапляныя раіоны — Радань і Лесастэп. З промыслаў тут разьвіты лясныя і зьвязаныя з імі: выраб павозак, саней, бандарка. У некаторых вёсках разьвіта гарбарства. Урэшце шмат народу адыходзіць на зарабаткі на старану: — глаўным чынам, працуюць пры будове чыгунак. Прамысловасьць хвабрычная разьвіта слаба. Як і ўва ўсёй Смаленшчыне, — стаяць тут пільні, крыху бравароў, млыны.

Ельня — маленькі (мае 2 тыс. люднасьці) гарадок, заўсёды быў Смаленскім прыгарадам і дзяліў яго долю. Істнаваў ён яшчэ ў XII веку. Эканамічнае значэньне яго малое.

На паўдня ад Ельні, над р. Дзясною, сярод лясоў ляжыць сяло Наваспаскае, дзе радзіўся і жыў гэніяльны кампазытар Міхайла Глінка. Усю сваю моладасьць заслухаваўся ён тут на Бацькаўшчыне ельнінскімі беларускімі песьнямі, а пасьля іхныя матывы ўвёў у свае творы. Зьмест гэтых твораў, праўда, прасякнуты маскоўскім патрыятызмам. Але ў музычных творах глаўнае — музыка і яна там часта беларуская.

Сумежны з Ельнінскім Дарагабужскі павет, крыху больш за яго лясісты і радзей заселены. Верхні Дняпро рэжа павет на дзьве часьці. Шырокая даліна Дняпра пакрыта тут супяскамі, пяскамі і наноснымі грунтамі. Рэшта-ж павету ляжыць на лёссавідных суглінках. Як раз на гэтых грунтох на поўначы павету знаходзіцца Бацішчаўская сельска-гаспадарская пробная станцыя (каля в. Бацішчава), найбольшая і найслаўнейшая з усіх такіх