Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/183

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

перня (робіць картон) з 600 работнікаў, хвабрыка сярнічак і інш. Усёй люднасьці ў Шклове каля 7 тыс. Люднасьць складаецца блізка з адных жыдоў.

Адзін са старэйшых беларускіх гарадоў — Друцк, над р. Друцьцю — цяпер ёсьць маленькім бедным мястэчкам. На востраве сярод ракі падыймаюцца валы аграмаднага гарадзішча, прыпамінаючыя слаўныя часы Друцка.

У розных мяйсцох Магілеўскага пав. знаходзяцца ўздараўляючыя мінэральныя крыніцы. Такія крыніцы есьць напрыклад у в. Палыкавічах над Дняпром і туды зыходзяцца тысячы народу, лічачы крыніцу цудоўнай. Есьць зялезныя крыніцы на захадзе павету, каля м. Цяцерына і ўрэшце каля м. Шапялевічаў знаходзіцца во́зера Хіцемля, вада з якога памагае ад наскурных і інш. хваробаў.

Магілеўскі павет мае грунты сугліністыя і супяшчаныя, дагодныя для гаспадаркі. Толькі на паўднёвым захадзе цягнуцца пяскі, якія з‘яўляюцца працягам Бярэзінскага Палесься.

У Сеннінскім павеце ёсьць цэлы рад мястэчак, у цяперашнія часы невялікіх і бедных. М. Сенна — невялікі гарадок з 8 тыс. люднасьці. Недалёка на захад ад яго ёсьць зялезныя крыніцы. На паўдні павету, пры станцыях Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі павырасталі значныя гандлёвыя мястэчкі, якія таргуюць хлебам і лесам. З іх найважнейшае Талочын. У ім між іншым ёсьць і дзьве хвабрыкі: вялікая шкляная гута (з 4-мя сотнямі работнікаў) і дражджавы завод. Люднасьці ў Талочыне каля 2 тыс. чал. Пры ст. Крупкі ёсьць хвабрыка сярнічак.

У паўночна-заходняй часьці павету, над вялікім возерам ляжыць старое мястэчка Лукамля, вядомае яшчэ з XI веку. Даўней Лукамля была сталіцаю асобнага княжства. Цяпер гэта невялікае і беднае мястэчка. На захад ад Лукамскага возера падымаецца ўзгор‘е Катарсы.

Сеннінскі павет ляжыць на грунтох багатых, сугліністых — і супяшчаных. Люднасьць яго, апроч гаспадаркі, займаецца ляснымі промысламі і рыбалоўствам.

Мяйсцовасьць у Сеннінскім і Аршанскім паветах, каля Дняпроўскага ўзгор‘я, вельмі пекная, яна навет, як піша аб ёй у сваіх мэмуарах царыца Кацярына II, „прыпамінае ангельскі парк“.



ХІІІ. Краіна Задзьвінскіх узгор‘яў (Віцебшчына).

На поўнач ад р. Дзьвіны і ад Полацкай нізіны падыймаюцца, сярод лясоў і вазёраў, Задзьвінскія узгор‘і. Яны запаўняюць сабою паветы Невельскі, Гарадоцкі, Віцебскі, Себежскі і беларускія часткі паветаў Люцынскага і Апочацкага.