Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Падняўшыся ўсхонавата над правым берагам Дзьвіны ў Віцебскім павеце, ўзгор‘е запаўняе гэты павет і йдзе далей на поўнач у паветы Гарадоцкі і Невельскі, пад імем Віцебска-Невельскай Горнай Грады. Найбольшай высачыні даходзіць града на поўнач ад Гарадка (Паганаўская гара — 136 саж.). У Невельскім павеце, каля паўночнай мяжы Беларусі, узгор‘е робіцца асабліва высокім, спады яго ўсхонаватымі, мяйсцовасьць прыймае выгляд саўсім горны, як мы пісалі на стр. 13. Гэтае высокае горнае гняздо, як яго некаторыя географы называюць, „Райскія горы“, цягнецца з Невельскага пав. на захад, у Себежскі павет, і там ужо значна зьніжаецца, асабліва за м. Себежам. Заходзіць гэтае ўзгор‘е і ў Люцынскі пав., дзе дайшоўшы значнай высачыні каля м. Люцына, ізноў ніжэе, далей на захад пераходзячы ў Надбалтыцкую Нізіну. У Апочацкім і Вялікалуцкім пав. гэтыя-ж ўзгор‘і вядомы пад імем „Вязаўскіх гораў“.

Задзьвінскія ўзгор‘і дзеляць воды басэйну Дзьвіны і рэкаў Ловаці і Вялікай, ўпадаючых: першая ў возера Ільмень, а другая ў воз. Пскоўскае. Абодвы вазёры злучаны рэкамі з Фінскай затокаю. Рэкі Ловаць, Вялікая і некаторыя іх прытокі пачынаюцца ў Краіне Задзьвінскіх Узгор‘яў, ля самай беларускай мяжы з Маскоўшчынаю і вялікага эканамічнага значэньня для Беларусі ня маюць.

Як ні адна іншая краіна Беларусі, засеена Задзьвіньне невялікімі вазёрамі. Усё сказанае вышэй аб марэнным краю безпасрэдна адносіцца да Задзьвіньня, бо яно як раз і з‘яўляецца найбольш тыповаю — марэннаю краінаю. З вазёраў найбольшыя воз. Няшчорда, воз. Іван, воз. Себежскае, воз. Невельскае, воз. Сьвібла. У гэтых вазёрах водзіцца шмат рыбы і рыбалоўства, дзеля таго, дае тут люднасьці значны зарабатак. Аднак пры правядзеньні належнай рыбнай гаспадаркі можна было-б з вазёраў гэтых мець даходы ў шмат разоў большыя.

Рака Дзьвіна пераразае папалам Віцебскі павет. Тут ужо яна судаходная. Ад Віцебску ў абодвы бакі ходзяць і баркі і параходы. Недалёка ад Віцебску на р. Дзьвіне ёсьць значныя парогі. (Руба і Капачы). З прытокаў Дзьвіны важнейшы р. Вобаль, якая пачынаецца з возера Езярышча ў мяйсцовасьці, асабліва густа засеенай вазёрамі і як раз недалёка ад р. Ловаці. Істнаваў дзеля таго праект злучыць гэтыя рэкі каналамі. Праўда р. Ловаць лёгка было-б зьвязаць каналамі і з іншымі прытокамі Дзьвіны.

Краіну пакрываюць вельмі разнародныя грунты. На Віцебска-Невельскай Градзе ляжаць глаўным чынам сугліністыя і цяжкія гляістыя грунты, на захадзе-ж краіны, у Себежскім і Люцынскім паветах, пераважаюць супяскі, хаця шмат спатыкаецца і суглінкаў. На спадах узгор‘я, на ўсход і захад ад м. Гарадка, ляжаць дзьве значныя плямы неўраждайнага падзолу, а каля некаторых рэкаў заляглі значныя абшары пяшчаных грунтоў. Асабліва гэта трэба сказаць аб прытоках р. Вобалі.