Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі заложаны Магілеў — вестак у гісторыі няма. Адно толькі вядома, што людзі тут жылі яшчэ ў самую далёкую дагістарычную эпоху. Імя сваё Магілеў нібы дастаў ад іменьня разбойніка Магілы, які жыў у лясной нетры над Дняпром. Гэта, праўда, толькі лягенда. Спачатку Магілеў належыў Віцебскім князём.

Найбольш разросься і разбагацеў горад у XVI ды ХVІІ вякох. Каралі, хочучы забяспечыць сабе вернасьць магілеўцаў, на далі гораду шмат усякіх прывілеяў. Магілеў вёў тады шырокі гандаль з Рыгаю, Масквою, Украінаю, а так сама і з нямецкімі гарадамі. — Лейпцыгам, Кёнігсбэргам, Данцыгам і г. д.

Хоць шмат шкоды прыносілі Магілеву маскоўскія напады таго часу, але горад далей рос і багацеў. Найбольш шкоды прынясла Магілеву вайна швэдская, калі яго займалі, то швэды, то маскоўцы, пры чым і адны і другія рабавалі жыхароў, а ўрэшце маскоўцы, па загаду цара Пятра, спалілі ўвесь горад. Пасьля таго Магілеў апусьцеў і ўжо ня мог паправіцца аж да апошніх часоў.

Са старасьвецкіх будынкаў найбольшай увагі заслугуюць Ратуша і Брацкі Манастыр з царквою Сьв. Вадохрышча, пабудаваныя ў XVII веку. Апроч таго цікавы з боку малярства сабор Сьв. Язэпа, пабудаваны ўжо ў часы расейскія.

Гарадзкія валы, прыпамінаўшыя сабою гэраічную абарону магілеўцамі роднага места, нядаўна былі зраўняны з зямлёю па загаду губэрнатара.

Хвабрычная прамысловасьць у Магілеве невялікая. Істнуе досіць многа малых прадпрыемстваў — табачныя хвабрыкі, гарбарні, пільні, бравары і г. д. За тое шмат ёсьць рамясьнікоў. З промыслаў найбольш пашырана — агародніцтва, рыбалоўства, выраб алею, ганчарства і ўрэшце — гарбарства. Гарбарства моцна разьвіта ў прадмесьці Лупалове — за Дняпром. Магілеў таргуе глаўным чынам скурамі, салам і хлебам. На Дняпры ёсьць значная прыстань.

На паўдня ад Магілева ляжаць старыя манастыры Буйніцкі і Варкалабаўскі, пабудаваныя ў XVII вяку. На захад ад Магілева, над р. Друцьцю знаходзіцца Бялыніцкі Манастыр, а ў ім слаўны на ўсю Беларусь цудоўны абраз Прачыстай. З XVI веку і да гэтага часу ў Бялынічы сходзяцца што году дзесяткі тысяч багамольцаў. Даўней манастыр гэты йграў значную культурную ролю; пры ім, напрыклад, была друкарня, школы і г. д.

Пасярод павету ляжыць невялікае, вельмі старое м-ка Галоўчын, якое даўней было горадам і, як кажа лягенда, мела „15 цэркваў і 100 кузьняў.“

Над Дняпром, вышэй Магілева ляжыць Шклоў. Гэты стары гандлёвы горад гадоў сто назад быў багацейшы за Магілеў. Цяпер яго значэньне крыху зьменшылася. Аднак і цяпер Шклоў вядзе бойкі гандаль лесам, пянькою, красным таварам і футрамі. Есьць у Шклове і некалькі значных хвабрыкаў: — вялікая па-