Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Ворша. На крыжаваньні дзьвёх чыгунак праразаючых краіну, на высокіх берагох Дняпра, недалёка ад того мейсца, дзе ён павяртае на паўдня і дзе на ім ёсьць Кабеляцкія Парогі, раськінулася Ворша. Гэта надта стары горад; ўспамінаюць аб ім летапісы ў XI веку, але пэўне быў ён яшчэ і ў дагістарычныя часы. У часах літоўскіх была Ворша значнай крэпасьцю, якая закрывала Смаленскую Браму. Тут-жа адбываліся зборы беларуска-літоўскага і польскага войска перад паходамі на Маскву. У 1564 г. пад Воршаю Маскоўцы былі моцна разьбіты беларуска-літоўскім войскам. За тое маскоўцы ў тым-жа сталецьці некалькі разоў нападалі на Воршу, палілі і рабавалі яе. У XVII веку тут пазакладана было шмат манастыроў. З іх да нашага часу дажылі толькі 2 праваслаўныя Кутэінскія (над рэчкаю Кутэінкаю) манастыры. Усе-ж каталіцкія манастыры маскоўскі ўрад скасаваў.

З правядзеньнем чыгунак места стала моцна расьці. Узрасла і прамысловасьць. Цяпер у Воршы ёсьць некалькі дзесяткаў заводаў. З іх найбольшы драцяна-цьвяковы завод, а так сама хімічны завод; абодвы маюць па 200—300 работнікаў.

Ворша мае адну з найбольшых дняпроўскіх прыстаняў, з якой адпраўляецца шмат хлебных і лясных грузаў. З Воршы па Дняпру ўніз ходзяць параходы.

Надзвычайна дагоднае географічнае палажэньне абяцае Воршы важную будучыну. Цяпер-жа яна выглядае досіць бедна. Люднасьці ў Воршы — каля 25 тыс.

Частка Аршанскага павету, што ляжыць на ўсход ад Верацейскіх балотаў, мае ў сабе шмат падобнасьці да суседняй Смаленшчыны. З тамашніх мястэчак можна адзначыць Ліозну, Любавічы, Рудню і Бабінавічы. Мястэчкі гэтыя досіць бойка таргуюць лесам і лёнам, а часткаю і хлебам. Пры станцыях праходзячай тут Рыга-Арлоўскай чыгункі, ёсьць значныя хвабрыкі, абрабатуючыя лён, напрыклад у Крынках — лёна-прадзільная хвабрыка, з 300 работнікамі). Стары горад Бабінавічы, стаіць у глухой лясістай мяйсцовасьці, над р. Лучосаю і гандлюе лесам. Жыхараў у ім усяго каля 2 тыс.

На захадзе Аршанскага пав. ёсьць некалькі мястэчак, ляжачых у багатай мяйсцовасьці з ураджайнай зямлёю. Дзеля таго яны найбольш таргуюць хлебам: — скупляюць яго і вывозяць праз станцыі праходзячай тут Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі. Спаміж такіх мястэчак можна адзначыць Коханава (ляжыць пры чыгункавай станцыі), Смальяны, Абольцы і інш.

Магілеў. На спадах Дняпроўскага ўзгор‘я, на мяжы яго з Палескай і Раданскай нізінамі ляжыць адзін са значнейшых беларускіх гарадоў — Магілеў. Займае ён высокі, ўзгоркаваты правы бераг Дняпра. А за Дняпром знаходзіцца яго прадмесьце — Лупалава.