Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што да мінэральных багацьцяў краіны, то пры берагох Дняпра і ў некалькіх іншых мяйсцох здабываюць найлепшага гатунку вапну. У Сеннінскім і Аршанскім паветах здабываюць балотную зялезную руду. Краіна багата так сама мінэральнымі крыніцамі, — некаторыя з іх абсьледжаны і апісаны, але шмат есьць такіх, аб якіх ведае толькі мяйсцовая люднасьць, як аб лечачых розныя хваробы. Ды і з апісаных ужо крыніцаў ні адна, як трэба, ня выкарыстана.

Аршанская краіна мае яшчэ досіць многа лясоў. Толькі ў Сеннінскім павеце лясоў засталося менш, але два другія па лясістасьці сярод паветаў Магілеўскай губэрні займаюць першае мейсца. У лясох найбольш елкі, асіны, бярозы У Магілеўскім-жа павеце найбольш хваёвых бароў. Лясныя промыслы маюць у краіне вялікае значэньне, асабліва ў Аршанскім павеце. Лес адгэтуль адпраўляецца ва ўсе бакі і па зялезных і па вадзяных шляхох.

Гаспадарка ў краіне стаіць добра. Народ тутэйшы, спрадвеку заняты толькі гаспадаркаю, каля зямлі хадзіць умее добра. Плугі тут ужо замянілі сохі даўно. Сяляне ўжываюць штучныя гнае, акуратна вырабляюць ральлю. Дзеля таго хлеба тут свайго хватае, а яшчэ шмат і вывозіцца за межы краіны. З ярыны сеюць шмат аўса, ячменю, бульбы. У Аршанскім і Магілеўскім паветах сеюць шмат лёну і канапель. У Сеннінскім павеце сеюць больш чым у іншых пав. ячменю, што тлумачыцца суседзтвам гэтага павету з Полаччынаю; так сама шмат сеюць гароху. У краіне разьвіта садаводзтва і агародніцтва, асабліва пад Магілевам.

У Аршанскім павеце, над Дняпром, шмат ёсьць заліўных сенажацяў. Дзякуючы гэтаму тут дзержаць шмат скаціны.

З промыслаў, апрача лясных, віднае мейсца займае рыбалоўства ў Дняпры і вельмі багатых рыбаю вазёрах Сеннінскага пав.

З хатніх рамёслаў асабліва разьвітыя дзераўляныя вырабы. Прамысловасьць хвабрычная найбольш разьвіта ў Магілеве і Воршы. Шмат ёсьць у краіне пільняў і бравараў, але спатыкаюцца і іншыя хвабрыкі — па вырабу сярнічак, шкляныя гуты, хімічныя заводы, паперні. Есьць яшчэ шмат вялікіх млыноў.

Люднасьць жыве ў краіне ня лішне густа — радзей чым у суседніх Мсьціслаўшчыне і Полацкім Наддзьвіньні, аднак гусьцей чым у Палесьсі. Вёскі яшчэ маюць значную вялічыню, але ужо шмат меншыя, чым на паўдні. Далей на поўнач, у марэнным краю, вёскі саўсім маленькія, з некалькіх хатаў.

Аршанская краіна ёсьць аднэй з найцікавейшых краінаў Беларусі, як з боку сваёй мінуўшчыны, так і цяперашняга ўнутраньняга культурнага жыцьця.

Край сьвятых вазёраў, цудоўных крыніцаў і старэнькіх — старэнькіх мястэчак, край, дзе гісторыя густа разсеіла сьляды свае: — тысячагадовыя каменныя крыжы пры дарогах, старасьвецкія курганы, гарадзішчы, закінутыя ў нетры лясоў. Край,