Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рэцкую прыстань (у Смаленшчыне, на р. Касплі). Такі сама гандаль вядзе і найбольшае сяло Красенскага пав. — Дасугава, (750 чал. люднасьці.)

На паўдні Красенскаго пав. ляжыць с. Андрусава, дзе быў у 1667 г. падпісаны мір паміж Маскоўшчынаю і Польшчаю.

Красенскі павет мае грунты супяшчаныя і сугліністыя, вельмі ўраджайныя. У павеце вельмі разьвіта садаўніцтва, з якога тут сяляне маюць добры зыск. Сяляне сеюць шмат лёну і канопляў. Сеюць так сама шмат і канюшыны. Добра тут пастаўлена малочная гаспадарка. У павеце ёсьць некалькі вялікіх сыраварняў і шмат меншых. Хвабрычная прамысловасьць саўсім нязначная. Павет наагул чыста земляробскі.


VII. Аршанская краіна. — (Паўночная Магілеўшчына).

Тры паветы, якія разьлягліся на захад ад Дняпра, на Дняпроўскім ўзгор‘і і яго спадах— Аршанскі, Сеннінскі і Магілеўскі маюць між сабою шмат супольпага: густата люднасьці, спосабы гаспадаркі, мінуўшчына ўва ўсіх трох вельмі падобная.

Адарваныя Дняпром, заходнія часткі Дняпроўскага Узгор‘я ляжаць у гэтых паветах некалькімі гнёздамі, разьдзеленымі р. Друцьцю і яе прытокамі. Высачыня Дняпроўскага Узгор‘я тут даходзіць 120 сажняў. Узгор‘е стварае мяйсцовасьць моцна фалістую з атхонаватымі спадамі ўзгоркаў і пакрыта найбольш супяскамі. К захаду, ў бок Лепельскага пав., узгор‘е памалу зьніжаецца, пераходзячы ў раўніну, густа засееную вазёрамі ды імховымі балотамі, моцна прыпамінаючы суседнюю Лепельшчыну. На самай заходняй мяжы краіны (з Барысаўскім пав.) падыймаецца значнае горнае гняздо Катарсаў. К усходу ад Воршы, Дняпроўскае Узгор‘е, дайшоўшы найбольшай высачыні (128 саж.), рэзка абрываецца над вялікай пяшчыстай раўнінай, пасярод якой ляжаць Верацейскія Балоты. Далей на ўсход за Верацейскімі балотамі, мяйсцовасьць ізноў вышэе.

На паўдня, ў Магілеўскім пав., узгор‘е, нязначна зьніжаючыся, пераходзіць у Раданскую і Палескую нізіны.

Аршанская краіна багата вадзянымі шляхамі. На ўсходзе яе цячэ Дняпро, па якім тут ужо ходзяць і параходы, а на поўначы - Дзьвіна і яе прытокі, каторыя вельмі блізка падыходзяць к Дняпровым прытокам, дзеля чаго тут у даўныя часы йшло шмат вадзяных шляхоў і волакаў (мяйсцоў, дзе чаўны перацягаваліся з аднэй рэчкі ў другую). Шмат ёсьць тут і азёраў; паміж іх найбольшыя — Лукомскае (22 кв. вяр.), Чарэйскае і Сядява. У азёрах шмат рыбы.