Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/177

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Такі-ж характар мае і сумежны з Чавускім Гарэцкі павет. Гаспадарка тут стаіць досіць добра, дзякуючы ўраджайным грунтом і болей выгоднаму збыту: — ў павеце ёсьць шмат вялікіх мястэчак, ды і чыгункі блізка праходзяць. Грунты Гарэцкага павету сугліністыя і толькі ўздоўж Дняпра цягнуцца пяскі.

Горкі (альбо Гарыгоркі) — найбольш слаўныя сваймі школамі. Даўней быў тут вышэйшы агранамічны інстытут, які меў аграмаднае значэньне ў гаспадарскім і культурным жыцьці Беларусі. Сярод прафэсараў яго былі такія наўчоныя, як Людагоўскі, Стэбут і інш., якіх працаю створана расейская агранамічная навука. У 1863 гаду расейцы закрылі Гарыгарэцкі Інстытут і перанеслі яго габінэты ў Пецярбург. А на мейсцы інстытуту адкрылі сярэднюю ўжо агранамічную школу, якая істнуе і дагэтуль. Пры школе істнуе завод гаспадарскіх машынаў, конскі завод, вялікі фруктовы сад і цудоўны парк. Істнуе апроч таго ў Горках каморніцкая школа. — Жыхараў у Горках каля 7 тысячаў.

На захадзе Гарэцкага пав. над Дняпром ляжыць старасьвецкі горад Копысь. Істнаваў ён яшчэ ў XI веку і належаў тады да Полацку. Пасьля яго шмат разоў палілі маскоўцы. Са старасьветчыны тут засталося дагістарычнае яшчэ гарадзішча і вельмі старая (найстарэйшая ўва ўсёй Магілеўшчыне) царква.

Копысь у нашыя часы найбольш славен сваймі кахлянымі заводамі, якіх у ім ёсьць больш дзесятка і на якіх працуе каля 500 работнікаў. Есьць апроч таго пры ім прыстань на Дняпры. Люднасьці мае Копысь каля 4 тысячаў.

Дуброўна, з 8 тыс. люднасьці. Мястэчка гэта асабліва вядома тым, што тут спрадвеку ткуцца жыдоўскія талясы (рэлігійная адзежына). Істнуе некалькі ткацкіх хвабрыкаў, спаміж каторых адна вялікая, з 500 работнікамі. Апроч таго ля мястэчка здабываюць вапну. На Дняпры ёсьць тут бойкая прыстань і вэрф, дзе будуюцца баркі.

Урэшце на мяжы з Красенскім паветам знаходзіцца мяст. Ляды, ў якім каля 8 тыс. люднасьці. Гэта вельмі гандлёвае мястэчка. Таргуе найбольш пянькою і лёнам. Есьць у ім вялікі завод, дзе трэплюць пяньку.

У Красенскім павеце, як мы ўжо казалі, няма мястэчак і няма таго бойкага тарговага элемэнту, які найбольш аджыўляе нашыя мястэчкі, — жыдоў. Дзеля гэтага з гандлёвага боку Красенскі павет цягнецца да мястэчак сумежных паветаў: — Гарэцкага і Мсьціслаўскага.

Красны (альбо, як даўней ён называўся, Красен), невялікі гарадок, істнаваў яшчэ ў XII веку і быў палітычна залежным ад Смаленска. У 1812 гаду адбылася тут вялікая бітва паміж французамі і маскоўцамі. Красны мае каля 3 тыс. люднасьці. Гандлюе найбольш пянькою і хлебам, якія адпраўляе на Па-