Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/175

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дзякуючы сваім прыродным асобнасьцям, краіна заселена была вельмі рана. Гісторыя застае тут ужо гарады крывічоў (а на паўдні — радзімічаў), якія былі ў залежнасьці то ад Полацку, то ад Смаленску.

Цяпер краіна заселена досіць густа, — шмат гусьцей, чым усе іншыя краіны навакола. На 1 кв. вярсту выпадае да 60 чал. (у Гарэцкім пав.). Люднасьць уся — чыста беларуская, апрача жыдоў, якіх тут жыве, агулам лічачы, каля 10% (у Красенскім пав. жыдоў няма саўсім).

Вясковая люднасьць займаецца гаспадаркаю. З ярыны сеюць шмат аўса, ячменю і бульбы. У Мсьціслаўскім павеце сеюць вельмі многа грэчкі (на паўдні павету, за Сожам, ляжаць пяскі), а ў Красенскім сеюць шмат лёну. У гэтых-жа двох паветах сеюць шмат канопляў.

Гаспадарка тут, наагул кажучы, стаіць ня вельмі высака. Глаўная прычына гэтага — адсутнасьць шляхоў. Гэтую багатую краіну не пераразае ні адна зялезная дарога, а ні шоса. Усе чатыры паветавыя гарады ляжаць за дзесяткі вёрст ад бліжэйшай станцыі. Вадзяныя шляхі так сама маюць малое значэньне. Дняпро і Сож ідуць па мяжы краіны, а больш значных судаходных рэкаў няма. Няма ў краіне і вялікіх гарадоў. Пры такіх варунках збыт прадуктаў гаспадаркі ня лёгкі, а дзеля таго і гаспадарка стаіць нявысака.

У сялянскіх гаспадарках часта яшчэ аруць сохамі, аб палепшаных машынах ня знаюць, штучных гнаёў ня ўжываюць. Аднак бліжэй да зялезных дарогаў гаспадарка выглядае ляпей. У кожным разе гаспадарка далей на ўсход — яшчэ горшая.

Садоў у краіне шмат. Асабліва ў Красенскім пав. Трапляюцца і вялікія прамысловыя гаро́ды.

Гадоўля скаціны і коней пастаўлена досіць добра. Есьць шмат скаціны палепшанай пароды. У Красенскім павеце разьвіта сыраварэньне.

Хвабрычная прамысловасьць у краіне ня значная. Толькі ў Гарэцкім павеце ёсьць значныя ткацкія хвабрыкі, — у м. Дуброўне, і кахляныя, — у м. Копысі. Есьць яшчэ досіць бравароў.

У заходніх паветах краіны ёсьць шмат мястэчак, у якіх квітнуць рамёслы і йдзе бойка гандаль. У Красенскім пав., як і у ўсёй Смаленшчыне і ў Расеі, мястэчак няма. Гэта вельмі дрэнна адбіваецца на яго эканамічным жыцьці. Гандаль там ідзець найбольш на ярмарках, якія ад часу да часу зьбіраюцца ў большых сёлах.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Мсьціслаў, — адзін са старэйшых беларускіх гарадоў. Успамінаецца аб ім першы раз у XII веку. Быў ён сталіцаю асобнага княжства, пасьля належыў да Смаленскага княжства і ўрэшце апынуўся пад Літвою. У XVI веку яго зрабілі галоўным го-