Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

XI. Мсьціслаўшчына.

На паўночны захад ад верхняга і сярэдняга Сожа мяйсцовасьць значна вышэе, робіцца фалістаю. З Раданскай лясістай раўніны мы падымаемся на Дняпроўскае ўзгорь‘е, густа засе́ленае і малалеснае. Мсьціслаўшчынаю мы называем землі, ляжачыя на Дняпроўскім ўзгор‘і, на ўсход ад Дняпра, а значыць паветы: Гарэцкі, Мсьціслаўскі, Чавускі, Магілеўскай губэрні і Красенскі павет Смаленскай губ.

Дняпроўскае узгор‘е ў Мсьціслаўшчыне даходзіць высачыні 120 сажняў. Даліны рэк зрэзуюць яго ўва ўсіх напрамках. Дняпро, ня могучы прабіцца цераз сьцяну ўзгор‘я, каб цекці, як яму трэба, на паўдня, даўгі час мусіць цекці на захад, аж пакуль пад Оршаю не прарве каменную сьцяну. Дняпро служыць мяжою Мсьціслаўшчыны з поўначы і захаду.

Блізка што па ўсёй краіне заляглі ўраджайныя суглінкі. Прычынаю іх ураджайнасьці лічаць тое, што пад грунтамі ляжаць слаі маргелю. Толькі каля большых рэк цягнуцца шырокія паясы пяскоў. Сустракаюцца так сама і супяскі. Урэшце каля Мсьціславу ёсьць досіць вялікі востраў лёссу, на якім ляжаць шэрыя суглінкі. Гэта самы паўночны востраў лёссу на Беларусі.

Балотаў сустракаецца мала і займаюць яны невялікія прасторы. Так сама блізка няма і вазёраў.

З мінэральных багацьцяў, якія мае краіна, трэба адзначыць перад усім гліны, якія ў некалькі мяйсцох далі мажлівасьць разьвіцца кахельным і ганчарным рамёслам. Здабываюць тут так сама вапну (каля Мсьціслава, Дрыбіна, Чавускага пав.). У Красенскім (каля в. Пацёмкіна) і Гарэцкім пав. знаходзяць охру.

Урэшце ў Мсьціслаўскім павеце (каля в. Вялікай Слабады) і ў Чавускім (каля в. Слабады) ёсьць зялезістыя крыніцы.

У лясох Мсьціслаўшчыны расьце найболып елкі (на захадзе). На ўсходзе краіны, (Мсьціслаўскі пав.), у лясох вельмі многа бярозы. Лясоў тут наагул небагата, — каля 25% агульнага прастору. Займаюць яны, ведама, горшыя грунты, бо лепшыя даўно расьцярэблены і забраты. Найбольш лясісты павет Чавускі, але і там лясоў ня больш 28%.

Клімат Мсьціслаўшчына мае ўжо досіць халодны. Сярэдняя гадавая тэмпература каля + 4,5°. Да таго-ж клімат гэты ўжо зьбліжаецца крыху да кантынентальнага клімату Маскоўшчыны. Некаторыя географы лічаць, навет, што ўжо на ўсход ад Мсьціслаўшчыны клімат мае выразна-контынентальны характар.[1] Опадзі бывае сярэдне каля 500 мілл. ў год. Садам і наагул гаспадарцы тут ужо значна шкодзяць позьнія (у канцы вясны) за́маразкі.

  1. З гэтым згодзіцца нельга: глядзі клімат Смаленшчыны.