Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/166

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рослаўскі павет ляжыць у мяйсцовасьці досіць высака паднятай, на ўзгор‘і (Рослаўскае ўзгор‘е), якое адыходзіць ад Ельнінскага Вузла, утварае правы высокі бераг Дзясны, працякаючай па ўсходняй мяжы павету, і дзеліць тут басэйны Дзясны і Сожа. Ня гледзячы на гэта, павет моцна балоцісты. Балоты тут найбольш імховыя. З грунтоў найбольш пашыраны лёгкія супяскі ды пяскі. Каля Рослаўля, на ўсход ад яго, ёсьць шырокі паяс грунтоў ураджайных, сугліністых, ляжачых і на лёссе і на марэнных глінах.

Рослаўскі павет адзін з першых у Беларусі па сваіх мінэральных багацьцях. У ім знаходзяцца самыя значныя залежы фасфарытаў. Апроч фасфарытаў, здабываюць тут яшчэ буры вугаль, горны воск, зялезную руду і г. д.

Прамысловасьць досіць разьвіта. Пашыраны ўсякія лясныя промыслы (ў павеце шмат лясоў). Сярод хвабрыкаў найбольшае значэньне маюць шкляныя гуты (ёсьць вялікая гута з 350 работнікамі і некалькі малых), пільні і бравары. Спатыкаюцца гарбарні, аляярні і інш. Даўней былі тут і цукраварні.

У гаспадарцы важнае мейсца займаюць каноплі і лён, а так сама бульба. Досіць разьвіта пчалярства. Даўней павет далёка быў вядомы са свайго мёду і воску.

Суседні з Рослаўскім Клімавіцкі павет, — адзін з найбяднейшых у Беларусі. Блізка ўвесь павет пакрыты пяшчанымі грунтамі і толькі на паўднёвым захадзе, над р. Бесядзьдзю, знаходзіцца востраў шэрых суглінкаў. У павеце досіць пашыраны хатнія рамёслы, хвабрычная-ж прамысловасьць разьвіта вельмі слаба. Гаспадарка стаіць нізка; значная частка люднасьці шукае зарабаткаў на старане.

Паветавы горад Клімавічы, — вельмі маленькі (8 тыс. люднасьці) і цікавага ў ім мала. З мястэчак найбольшыя — Шумячы, Хацімск і Касьцюковічы. Шумячы5 тыс. люднасьці) і Хацімск ляжаць на мяжы Рослаўскага павету. Касьцюковічы ляжаць над Бесядзьдзю, ў пекнай мяйсцовасьці. У Шумячох і Касьцюковічах досіць разьвіта гарбарства.

Чэрыкаўскі павет мае шмат супольнага з Клімавіцкім. Сож дзеліць павет на паўночную і паўднёвую частку. Паўднёвая мае такія-ж бедныя, як і ў Клімавіцкім пав. пяшчаныя грунты, з раскіданымі сяроц іх астраўкамі шэрых суглінкаў. Паўночная палавіна павету мае лепшыя, сугліністыя грунты. Ня гледзячы на тое і тут гаспадарка стаіць нізка, прамысловасьць няразьвіта, пашыраны адыход на чужыну. Глаўная прычына — дальнасьць чыгункаў.

Апроч самага Чэрыкава5 тыс. люднасьці) досіць старога, але закінутага гарадка над Сожам, у павеце лічуцца важнейшымі мястэчкамі Крычаў і Краснапольле.

Крычаў на высокім беразе Сожа — вельмі старое мястэчка, якога, лічуць, залажылі Крывічы, дзеля чаго ён нібы і называў-