Старонка:Географія Беларусі (1919).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Недахват шляхоў вельмі моцна адбіваецца на эканамічным жыцьці. Гаспадарка стаіць у краіне нізка. У Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах, напрыклад, гаруць сахамі, а плугі толькі пачынаюць заводзіць.

З прычыны пяшчаных грунтоў усюды сеюць шмат грэчкі і бульбы. У Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах бульбы садзяць мала. За тое грэчкі там надзвычайна многа. У ўсходняй часьці краю так сама, як і ў суседнім лесастэпу сеюць шмат канапель і прадаюць пяньку. У Рослаўскім павеце сеюць шмат лёну. У заходніх паветах досіць разьвіта садаўніцтва, а ўва ўсёй краіне наагул — пчалярства.

Хатнія рамёслы і промыслы ў краіне пашыраны, асабліва ў Клімавіцкім пав. Хатняе ткацтва вельмі пашырана ўжо дзеля таго, што сяляне тут найбольш носяць вопратку свайго вырабу. Моцна разьвіты лясныя промыслы і рамёслы дзераўляных вырабаў — усякай пасуды і начыньня, павозак, рашотаў, бёдраў, гонтаў, сталярка. Шмат народу займаецца драньнём лыкаў, гоніць смалу і дзёгаць. Дзе-ня-дзе займаюцца ганчарствам, палюць вапну. А ў Рослаўскім павеце здабываюць фасфарыты, вельмі карысныя для гнаеньня зямлі, і мелюць іх у спэцыяльных млынох.

Хвабрычная прамысловасьць разьвіта вельмі слаба. Найбольш у краіне ёсьць бравароў, асабліва ў Клімавіцкім, Рагачоўскім і Рослаўскім пав. Шмат ёсьць так сама пільняў і шкляных гутаў. Хвабрычная прамысловасьць найбольш разьвіта ў Рослаўскім павеце, дзе на хвабрыках працуе каля 2000 работнікаў, тым часам, як іншыя паветы маюць толькі па некалькі сотняў хвабрычных работнікаў.

Ні гаспадарка, ні прамысловасьць краіны ў іхнім цяперашнім стане ня могуць прахарчаваць усяе прырастаючае люднасьці. Дзеля таго тут надта пашырыўся адыход на старану, асабліва на Данецкія капальні, і перасяленьне. Найбольш моцны адыход з Клімавіцкага, Чэрыкаўскага і Рослаўскага паветаў.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Рослаў даўней быў значным гандлёвым цэнтрам: таргаваў воскам і мёдам з Нямеччынай. Цяпер гандлюе найбольш хлебам, ляснымі таварамі і пянькою. Хвабрычная прамысловасьць слабая — ёсьць 2 аляярні ды 2 гарбарні. Люднасьці каля 20 тысячаў.

З мястэчак Рослаўскага павету трэба адзначыць Рагнедзіна, (на паўд.-ўсход ад Рослаўля), у якім ёсьць каля 1½ тысячы прамысловай і гандлёвай люднасьці. У Рагнедзіне ёсьць дзьве аляярні, гарбарня, пенькатрапальны завод і інш. Гандлюе мястэчка хлебам, пянькою і алеем.

Недалёка ад мястэчка, пры в. Сешчы, здабываюць фасфарыты і тут-жа іх мелюць на невялікіх заводах.